Рэальныя постаці паўстання 1863 года з'явіліся ў настольнай гульні


Каб і далей паўстанні адбываліся – без крыві, за сталом і з усмешкамі. Хоць і ў такім варыянце эмоцыяў не бракуе.

«Момантамі здавалася, што вырашаецца асабіста мой лёс, а не лёс героя, якім я гуляла», – кажа ўдзельніца гульні.

Калісьці ў лёс сыграў Антось Янкоўскі. Гарадзенец з паплечнікамі 6 гадоў таму заняўся стварэннем першай беларускамоўнай гістарычнай настолкі. Гэта сталася стартам для новага жыццёвага занятку і… бізнесу. Антось Янкоўскі, стваральнік крамы настолак «Кубік», распавядае:

«Мы пайшлі далей, што не толькі беларускамоўныя гульні, але і драўляныя, дзіцячыя праекты, дзе мова і культура не будуць галоўныя, але гульні зробленыя».

У выніку крама «Кубік» і аб’яднанне «А-чатыры» падрыхтавалі больш за 10 настолак, дзякуючы якім можна не толькі добра бавіць час, але і, напрыклад, падвучыць мову. Да свайго пяцігоддзя «Кубік» выпусціў новую версію і саміх «Паўстанцаў» – цяпер яны рэальныя гістарычныя постаці са сваімі гісторыямі.

«Напрыклад, нейкі вясковец Міхась, ён сапраўды піў калісьці гарбату з паўстанцамі. Або нейкая мяшчанка, Пані, сапраўды плявала на расейскага службоўца. І такім чынам будзе абыграная кожная картка ўдзельнікаў гульні», – тлумачыць гісторык-кансультант гульні «Паўстанцы» Аляксей Кайрыс.

І акурат гэтым чыннасцям стол не перашкода.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: kramakubik.by