Развіццё жаночага прадпрымальніцтва абмеркавалі ў Менску


Сусветны дзень жаночага прадпрымальніцтва сёння адзначаюць больш як у 140 краінах. Беларусь да ініцыятывы далучаецца ўжо трэці год запар, хоць пакуль і не на афіцыйным узроўні. Гэтак, на форуме ў Менску абмеркавалі не толькі дзелавыя стратэгіі ды тэхналогіі, але і праблемы, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў бізнесе.

Развіццю жаночага бізнесу перашкаджаюць стэрэатыпы грамадства і малая рашучасць саміх жанчын: з дзесяці прэтэндэнтак, намераных заняцца бізнесам, распачынаюць працу толькі тры. Жанчын дагэтуль успрымаюць найперш як маці ды хатніх гаспадынь. Але беларускія бізнес-вумэн стараюцца змяніць падобнае мысленне.

«Гэта сапраўды стэрэатып, што жанчына можа толькі заставацца дома з дзіцем. Усё ж такі ўсё распачынаецца з сям‘і і ўласнай зацікаўленасці. А калі дзяржава будзе гэтаму дапамагаць, падтрымліваць і спрыяць, то пэўна гэта будзе добра», – кажа Крысціна Кавалёва, дырэктарка ў рэгіянальным развіцці, бізнес-школа ІПМ.

Яшчэ адна праблема, якая перашкаджае жаночаму бізнесу ў Беларусі, – абмежаваны доступ да фінансаў. Імавернасць адмовы ў атрыманні банкаўскага крэдыту для жанчын напалову (55 %) перавышае такую ж імавернасць для мужчынаў.

«Чым далей мы прасоўваемся ў рэгіёны і малыя гарады, тым больш стаіць пытанне, што няма фінансавага складніка для таго, каб распачаць сваю справу. Таму гэта вельмі важна», – гаворыць Юлія Малькова, заснавальніца праекту для жанчын-прадпрымальніц PROWOMEN BY.

Генеральны дырэктар Бізнес-школы ІПМ Павел Данэйка распавядае:

«Беларусь жыве ў рамках дэмаграфічнага крызісу. І нам неабходна максімальна ўцягнуць усе патэнцыйныя рэсурсы развіцця эканомікі. На сёння мы сведкі таго, што існуюць пэўныя культурныя і арганізацыйныя бар’еры, каб жанчыны маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у эканамічнай дзейнасці. Неабходная сістэмная праца, каб гэтыя бар’еры зняць. І ў нас ёсць добры прыклад – Швецыя».

У Беларусі ж пра стан жаночага бізнесу сведчыць і той факт, што Дзень жаночага прадпрымальніцтва правяла група энтузіястак пры падтрыманні прадстаўніцтва ААН. Улады Беларусі ў свяце жаночага бізнесу ўдзелу не бралі.

Галіна Абакунчык, belsat.eu