Развітанне з Symbal.by: без брутальных затрыманняў не абышлося

Аўтазак, АМАП і брутальныя затрыманні. Гэтак адзначылася закрыццё крамы з патрыятычнаю прадукцыяй Symbal.by у Менску. На наведнікаў крамы, якія ў аўторак увечары ўтварылі чаргу на вуліцы, сілавікі распачалі паляванне: даганялі ды брутальна хапалі ў дварах.

«Мы зачыняемся, таму сказалі людзям: калі ласка, вы можаце прыйсці да нас да канца тыдня, але ўжо праз 20 хвілінаў тут стаяла чарга. Ну і потым ужо пад’ехаў аўтазак і пачаў пакаваць людзей. Не бачылі, колькі менавіта было людзей, бо ўсе людзі пабеглі», – кажа Герман Вярцінскі, працаўнік крамы.

Ля крамы затрымалі каля дваццаці чалавек, іх выпусцілі з Савецкага РУУСу, склаўшы па два адміністратыўныя пратаколы на кожнага: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыі. «Салідарнасць» – тое слова, якое сёння гучыць тут (ля Symbal.by) часта. Не зважаючы на ўчорашнія затрыманні, людзі ізноў прыйшлі падтрымаць краму. І ўжо з самай раніцы ўтварылася чарга. Сігналамі падтрымліваюць пакупнікоў кіроўцы аўтаў.

Вось што распавялі пакупнікі крамы:

«Тое, што тут у 10 гадзін раніцы – так шмат людзей, само за сябе гаворыць. Людзі не баяцца, людзі паказваюць сваю салідарнасць».

«Увогуле я перыядычна сюды заходжу. Але, па-першае, я лічу, што самае галоўнае зараз сярод беларусаў – гэта салідарнасць. Уласна, таму і прыйшоў».

«Няўжо страх – гэта будзе перашкодай для таго каб прыйсці, – кажа яшчэ адзін наведнік. – Symbal.by былі вельмі годнай кампаніяй, якая зрабіла фантастычна шмат добрых справаў, таму я лічу, што кожны з нас мусіць падтрымаць іх хоць якім-небудзь спосабам».

Symbal.by – знакамітая сваімі вышымайкамі, тышорткамі з Пагоняю, моднымі сўітшотамі з зубрамі. Тут можна набыць і бел-чырвона-белы сцяг, і торбу, і кубак. 12 чэрвеня міліцыя сканфіскавала ў крамы больш за 400 тышортак з надпісам «ПСІХОЗ%».

«Мы заўсёды выказваліся на палітычныя тэмы. І зараз выказаліся ў тым ліку вось гэтым дызайнам «ПСІХОЗ%». Ну, значыцца, камусьці канкрэтна (а мы ведаем па апошніх каментарах, каму) проста не спадабалася гэтая гісторыя», – тлумачыць ціск на краму яе дырэктар Павел Белавус.

Ва ўстанову прыходзілі з шэрагу службаў. Дагэтуль працягваецца праверка падатковай і АБЭП. У памяшканні Symbal.by ужо тыдзень як адключаная электрычнасць. А Менгарвыканкам запатрабаваў цягам трох дзён з будынку на Машэрава 18 зняць шыльду крамы.

«Ясна, што каля нас не маглі прайсці, бо мы – вядомая крама, мабыць, самая вядомая з такой моцнай грамадскай пазіцыяй. Ну і асартымент наш, як кажуць самыя чыноўнікі, – «галоўная апазіцыйная кропка ў Менску», – мяркуе Павел Белавус.

Вядомыя грамадскія актывісты і блогеры выказаліся ў падтрымку пляцоўкі Symbal.by у сваіх сацыяльных сетках. Павел Белавус заклікаў грамадскасць быць салідарнымі не толькі з крамай, але і з тымі пакупнікамі, на якіх учора здзейснілі аблаву і склалі пратаколы. Грошы за набытыя праз сайт крамы «Стыкеры салідарнасці» пойдуць на аплату штрафаў.

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама