Разбітая вуліца ў Пакалюбічах: цяжка нават праехаць на ровары і машыне


Беларусы нярэдка хваляцца роўнымі аўтастрадамі, але, калі звярнуць у раён, часам можна застацца без колаў. У аграгарадку Пакалюбічы пад Гомлем адна з вуліцаў стала неадольнай для мясцовых жыхароў.

Вуліцы Савецкай у аграгарадку Пакалюбічы даўно патрэбны рамонт. З-за ямінаў на дарозе цяжка перамяшчацца і на ровары, і машынаю, а нават гуляць з дзіцячым вазком. Але калі чалавек без інваліднасці можа аб’ехаць ці абысці яміны, то чалавеку на вазку зрабіць гэта немагчыма.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Большасць вуліцаў у аграгарадку Пакалюбічы, што непадалёк Гомля, – без асфальтавага пакрыцця. Адна з іх – вуліца Савецкая.

«Тут цяжка ездзіць з малым дзіцём на вазку па гэтых дарогах. І на машыне нязручна – разбіваюцца падвескі», – распавядае жыхарка вуліцы Вольга Куралікава.

Звароты да мясцовых чыноўнікаў плёну не прынеслі, – кажуць мясцовыя жыхары:

«Пішам. Яны прыраўняюць бульдозерам, працягнуць дарожку і ўсё. А ў зімку, калі замяце, то зусім кепска», – скардзіцца Тамара Шуплякова.

Таму каб вуліцу нарэшце давялі да ладу, жыхары пачалі збіраць подпісы пад адмысловым зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта. Яго аўтар – вазочнік Уладзімір Сінцоў. Яміны на дарозе перашкаджаюць яму перамяшчацца самастойна.

«Павінен быць бесперашкодны пад’езд да прыпынку грамадскага транспарту, крамы, паліклінікі. Каб я бесперашкодна дабраўся да ўстановаў дзяржаўнай важнасці», – кажа Уладзімір Сінцоў.

Летась Уладзімір дамогся ад уладаў рамонту асфальту на суседняй вуліцы Трудавая. Праз гэтую дарогу на вазку можна дабрацца да прыпынку грамадскага транспарту, але ўсё роўна не без перашкодаў: безбар’ернага пад’езду да прыпынку няма.

«Гэтым тратуарам мы не можам карыстацца. Таму мы вымушаныя карыстацца праезнаю часткай», – кажа маці Уладзіміра Надзея Сінцова.

Хто ж мае дапамагчы Уладзіміру перамяшчацца па Пакалюбічах без перашкодаў? Будаўнік-транспартнік Станіслаў Сляпухін тлумачыць:

«Працы для стварэння безбар’ернага асяродку згодна з заканадаўствам замацаваныя за дзяржаваю. Эксплуатацыйныя арганізацыі – дарожна-будаўнічыя службы, мясцовыя ўлады – маюць для гэтага ўсе магчымасці (апроч толькі фінансавых)».

Пакуль жа не атрымліваецца дамагчыся нават асфальтавання вуліцы Савецкай. Калі дарога стане роўнай, не ведаюць і ў Гомельскім райвыканкаме.

«На яе рамонт патрэбна больш за 70 тыс. рублёў. Пакуль яшчэ фінансавання няма», – кажа начальніца аддзелу ЖКГ Гомельскага райвыканкаму Валерыя Шаціла.

У аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага райвыканкаму запэўнілі, што вуліца Савецкая

ў аграгарадку Пакалюбічы – у чарзе на рамонт. Але ў той жа час адзначылі, што фінансаванне на капітальны рамонт вуліцаў не вылучалася аж з 2015 года.

Сяргей Ляпін belsat.eu