Журналісты патрабуюць справядлівасці


Дзясяткі незалежных журналістаў прыйшлі да будынку Міністэрства ўнутраных справаў, каб паразмаўляць з міністрам Юрыем Караевым пра затрыманых калегаў. У выніку затрымалі фотакарэспандэнта TUT.BY Змітра Брушко. Пазней журналісты рушылі да Кастрычніцкага РУУС, куды павезлі фатографа TUT.BY. Другія содні шасцёра затрыманых 1 верасня журналістаў застаюцца за кратамі, хоць учора ўжо адбыліся першыя судовыя паседжанні.

«Цяпер журналістаў абсалютна незаконна ўтрымліваюць на Акрэсціна, таму што працэсуальнае заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае, што чалавека могуць затрымаць да судовага разгляду», – растлумачыў Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Журналістаў TUT.BY, БелаПАН і «Камсамольскай праўды» Андрэя Шаўлюгу, Надзею Калініну, Аляксея Суднікава, Святаслава Зоркага, Мікіту Недаверкава і Марыю Элешэвіч абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, хоць тыя выконвалі прафесійныя абавязкі ды былі ў камізэльках з надпісам «Прэса». Учора ўсе справы адправілі дапрацоўваць у РУУС. Сёння яны гэтак і не дайшлі да суда, а журналісты застаюцца за кратамі.

«Справы ў суд Аляксея і Надзеі дагэтуль не перададзеныя. Учора суд адправіў справы дапрацоўваць у РУУС. Сёння яны не паступілі ў суд, і мы не ведаем, калі будзе разгляд іхных справаў», – падзялілася Алена Талкачова, журналістка TUT.BY, – распавядае Алена Талкачова, журналістка TUT.BY.

На Акрэсціна гэтую ноч правялі і два былыя тэлевядоўцы Зміцер Кахно і Дзяніс Дудзінскі. Мужчынаў затрымалі ўчора, абвінавачванне тое самае – удзел у несанкцыянаванай акцыі. Спачатку родныя і сябры тэлевядоўцаў чакалі пачатку працэсу каля суда Цэнтральнага раёну.

«У першую хвіліну пасля яго затрымання – гэта, вядома, страшны шок. Асабліва калі я пабачыла, як гэта рабілі, – гэта папросту ні ў якія брамы не лезе і ні ў адны нармальныя здаровыя мазгі не змяшчаецца. На 9 месяцы цяжарнасці мне даводзіцца чакаць, пакуль майго абсалютна законапаслухмянага мужа… Я не ведаю, што з ім робяць, дапытваюць?», – скардзіцца Надзея Кахно, жонка Змітра Кахно.

«Усіх, хто можа памаліцца, – прашу памаліцца. А ўсіх, хто хоча чымсьці дапамагчы і сапраўды ведае, чым ён можа дапамагчы… Мы камунікуем, збіраем інфармацыю, пакуль што нам афіцыйнага каментара не давалі», – падзялілася Кацярына Раецкая, жонка Дзяніса Дудзінскага.

Пазней выявілася, што справы будуць разглядаць у судзе Першамайскага раёну. Вынік – абодвум тэлевядоўцам далі па 10 содняў арышту. Разглядаць справу Дзяніса Дудзінскага пачалі без адваката, пра месца і час суда не паведамілі. Пра суд Змітра Кахно ягоная жонка даведалася за паўгадзіны да пачатку працэсу.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»