«Разам» але паасобку: пытанні стварэння новай партыі


Імаверная пераможца выбараў – Святлана Ціханоўская падтрымала стварэнне ініцыятывы «Разам», пра якую заявіў выбарчы штаб палітыка Віктара Бабарыкі, аднак у адрозненні ад ініцыятывы, лічыць першаю задачаю – не канстытуцыйную рэформу, а адстаўку Лукашэнкі. Навіна пра стварэнне партыі ці – выклікала і падтрыманне, і крытыку.

Гэта запісаны раней у выбарчым штабе Віктара Бабарыкі відэазварот пра стварэнне новай партыі ці грамадскага руху:

«Я хачу сказаць, што стварэнне такога руху зусім неабходна, папрасіць вас непасрэдна саміх прыняць удзел у гэтым руху і запрасіць сяброў. Мы забяспечым максімальную эфектыўнасць як у першым пытанні, Што датычыцца канстытуцыйнай рэформы, так і па ўдасканаленні жыцця ў нашай Беларусі».

Назва – «Разам». З задачамі вызначыліся яшчэ да затрымання Бабарыкі і нерэгістрацыі яго ў якасці кандыдата. Гэта: – канстытуцыйная рэформа, – адраджэнне эканомікі, – падтрымка грамадзянскай ініцыятывы. Партыя зможа эфектыўна вырашыць гэтыя задачы, таму што ў яе будзе стратэгія, людзі і крыніцы фінансавання, – кажа Бабарыка. Экс-кандыдат Святлана Ціханоўская зрабіла рэмарку: галоўнае ў парадку дня ўсё ж – адстаўка Лукашэнкі і правядзенне справядлівых выбараў. Прадстаўніца Бабарыкі – Марыя Калеснікава паабяцала зняць спрэчныя пытанні. У «архіўным» жа звароце яна заяўляла:

«Краіна знаходзіцца ў сацыяльна-эканамічным і палітычным крызісе. І мы разам ведаем як з гэтага крызісу выйсці. Сотні і тысячы беларусаў, таленавітых прафесіяналаў гатовыя браць на сябе адказнасць і будаваць разам новую Беларусь».

Пытанне – хто будзе кіраваць новай структурай. Яе калега па каардынацыйнай радзе, якая аб’ядналася вакол ідэі мірнай перадачы ўлады, экс-міністр культуры Павел Латушка, кажа, што 31 жніўня прапаноўваў стварыць грамадскі рух на базе Каардынацыйнай рады:

«Пасля паседжання Каардынацыйнай рады з боку штабу Віктара Бабарыкі прагучала свайго роду перайначаная ініцыятыва – стварыць палітычную партыю».

Непаразуменні наверсе не павінныя закрануць інтарэсаў грамадзянаў, якія па-ранейшаму хочуць справядлівага падліку галасоў і пераменаў – у выніку. Жыхары Горадні кажуць:

«Мы ўжо навучыліся, як ёсць, калі адна партыя кіруе. Патрэбная апазіцыя, але структурная. Каб яна ведала, што рабіць, як рабіць і для каго».

«Любая ініцыятыва Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай будзе добраю».

«Ведаеце, у мяне (мэтазгоднасць стварэння партыі – заўв.«Белсат) нейкія сумневы выклікае, я пагляджу, што будзе далей, трэба прааналізаваць, што гэта будзе».

Палітолаг Валерыя Касцюгова лічыць, што новая структура ня створыць расколу, пра які цяпер кажуць крытыкі:

«Рух, які сёння абʼядноўвае большасць людзей у Беларусі, рух за новыя выбары і супраць дзяржаўнага гвалту, непамерна жорсткага, можа складацца з соцень грамадскіх ініцыятываў і партыяў, і нішто не перашкаджае іх абʼяднанню ў барацьбе».

Палітолаг таксама адзначыла, што час для стварэння новай партыі ў Беларусі – як ніколі спрыяльны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»