Аб'ектыў 22.09.2019 Раварысты распавялі, чым Менск адрозніваецца ад Масквы і Кіева


Менская вуліца Кастрычніцкая з нагоды Сусветнага дня без аўтамабіля пераўтварылася сёння ў экалагічна прыязны цэнтр краіны. Канцэрты, конкурсы ды іншыя цікавінкі тут ладзіліся з мэтаю матываваць часцей пакідаць аўты на паркінгу, абіраючы больш экалагічныя спосабы перамяшчэння.

Сёлетняя тэма штогадовага Дня без аўтамабіля – бяспечныя пешыя ды роварныя прагулянкі з акцэнтам на актыўнае развіццё пешаходнага руху ў гарадскім асяродку. Тэма надзвычай актуальная для Беларусі, дзе часцяком узнікаць канфлікты паміж пешаходамі і раварыстамі.

«Беларусь – адзіная ў свеце краіна, дзе рух раварыстаў па праезнай частцы забаронены. Тым не менш, калі разглядаць Расею і Украіну, то колькасць раварыстаў, калі візуальна ацэньваць, у Беларусі большая. Бо рухацца па тратуары больш бяспечна. І якраз у Маскве ды Кіеве большасць раварыстаў рухаюцца менавіта па тратуары», – кажа адмысловец у роварнай інфраструктуры Максім Пучынскі.

Сёння ў Менску, як і ў іншых еўрапейскіх сталіцах, усе аўтамабілісты маглі бясплатна карыстацца грамадскім транспартам – дастаткова было паказаць пасведчанне кіроўцы ды тэхпашпарт на аўтамабіль. Ці паспрыяе гэта хоць на адзін дзень зніжэнню забруджвання паветра?

Рэпартаж Змітра Міцкевіча глядзіце ў поўным выданні навінаў за 22 верасня

«Выкіды ад аўтамабіляў даюць каля 80 % ад усіх выкідаў. Я маю на ўвазе Менск. Забруджанае паветра – адна з асноўных прычынаў, чаму людзі паміраюць не з натуральных прычынаў. Таксама ёсць звесткі, што менскае паветра на трэцім месцы паводле забруджанасці ў Еўропе», – кажа старшыня кіравання Менскага роварнага таварыства Павел Храбуноў.

Цяпер у Беларусі налічваюць больш за тры мільёны аўтамабіляў. То бок аўтам валодае кожны трэці жыхар нашае краіны. Але не толькі выкідамі шкодзяць машыны наваколлю.

«Апоны аўтамабіляў – моцная крыніца мікрапластыку. Апоны зношваюцца, і гэтыя часцінкі трапляюць часткова ў паветра, а часткова, праз зліўныя рашоткі, – у нашыя рэкі, а потым у акіян. Ёсць даследаванні, якія кажуць, што аўтамабільныя апоны ствараюць 10 % забруджвання Сусветнага акіяну. На сто тысяч кіламетраў легкавы аўтамабіль выкідае 5–10 кілаграмаў мікрагумы», – працягвае Павел Храбуноў.

Як сцвярджаюць адмыслоўцы, паступова ў Беларусі павялічваецца колькасць людзей, гатовых карыстацца двухколавым транспартам. Звычайна на вуліцах Менску можна сустрэць да двухсот раварыстаў за гадзіну. У пікавыя моманты – да пяцісот. І гэты паказнік расце, не зважаючы на праблемы ў інфраструктуры.

Ці выгодна дабірацца на працу зімой на ровары?

«У нас ёсць цяжкасці з сумяшчэннем ровара ды іншых відаў транспарту. Па сутнасці, перавазіць ровары можна толькі ў чыгуначным транспарце, у аўтобусах – гэта на гледжанне кіроўцы. Але ў большасці выпадкаў перавозіць ровар у аўтобусе даволі складана. Асабліва калі гэта гарадскі транспарт – там могуць і не пусціць. У метро ў нас таксама забаронена», – дадае Максім Пучынскі.

І калі ў сталіцы роварны рух развіваецца праз падвышэнне свядомасці грамадзянаў ды арганізацыю адмысловай інфраструктуры, у правінцыі круцяць педалі ўсё больш людзей з прычыны праблемаў з грамадскім транспартам. Вымушаны здаровы лад жыцця, так бы мовіць.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары