Расследаванне смерці Рамана Бандарэнкі – па-рэжымаўску


Генпракуратура, якой Лукашэнка, (адзначым – выняткова) загадаў расследаваць справу забойства людзьмі ў цывільным Рамана Бандарэнкі, дазволіла сабе апублікаваць у Тэлеграм запіс тэлефоннай размовы з маці загінулага на Плошчы Пераменаў мужчыны. Дыялог выставілі ў кантэксце нібыта не жадання спадарыні Алены забіраць цела сына дзеля пахавання, што жанчына назвала маніпуляцыяй грамадскім меркаваннем.

Першы званок з судмедэкспертызы ўвечары і раніцаю – другі: са слухаўкі пытанне, калі ж маці прыедзе па цела сына. Небеспадстаўны адказ, што яшчэ не цяпер. Алена Бандарэнка чатыры дні дамагалася дазволу толькі на тое каб зірнуць на цела сына. Генпракуратура ж вывесіла размову пад допісам – ухіляецца ад забірання цела.

«Інфармацыя, распаўсюджаная ад імя Генпракуратуры, з’яўляецца маніпуляваннем грамадскай думкаю. (…) З 12 лістапада я гойсала па горадзе, спрабуючы даведацца, як, калі і дзе можна забраць цела», – сказала жанчына выданню Naviny.by.

«Забіраць цела» прапанавалі перад закрыццём моргу на чацвёрты дзень пасля смерці, а незаконна запісаная і апублікаваная размова адбылася на раніцу пасля ночы, калі жанчыне ўрэшце ўдалося заснуць.

Алег Волчак, былы следчы пракуратуры, праваабаронца:

«Існуе арт. 28 Канстытуцыі, які забараняе ўмяшанне ў асабістае і таемнае жыццё грамадзянаў. Зрабіць гэта можна толькі са згоды на тое асобы ці паводле рашэння суда. У гэтым выпадку такая размова нават не зʼяўляецца працэсуальным дзеяннем».

Станоўчых сігналаў пакуль няма – на тое, што першая крымінальная справа па факце гібелі прыхільніка перамен – будзе расследаваная сумленна. Пасля забойства Рамана невядомымі ў масках, следчыя (насуперак медыкам) ужо спрабавалі агаварыць яго, маўляў – быў пʼяны. На фоне выбуховай рэакцыі на смерць, Лукашэнка загадаў расследаваць, а потым – вывезці стыхійны мемарыял Бандарэнку з Плошчы Перамен:

«Менск і іншыя гарады могілкамі не будуць. Менск у могілкі ператвараць нельга», – тлумачыў той сваім набліжаным.

Алена Бандарэнка, якую пракуратура намагалася ачарніць, таксама наведвала мемарыял, а цяпер мае перажыць нялёгкую працэдуру: правесці апазнанне цела сына ў прысутнасці супрацоўніка пракуратуры і як належыць.

Алег Волчак, былы следчы пракуратуры, праваабаронца:

«Мае складацца пратакол, у які маюць быць занесеныя ўсе цялесныя пашкоджанні на ім, любыя заўвагі. Другі момант – сямʼя мае азнаёміцца з вынікамі судова-медычнай экспертызы па забітым і калі нешта не адпавядае звесткам, ці апісаныя не ўсе пашкоджанні – цела, лічу, можна пакуль не забіраць».

У такім выпадку трэба будзе настойваць на поўным абследаванні цела экспертамі, каб гэта трапіла ў дакументы следства. На тое, каб забраць з моргу парэшткі забітага, сямʼя Бандарэнак мае 45 дзён.

Юлія Цяльпук, «Белсат»