Расследаванне БТ: ці «цукровая мафія» сапраўды – мафія?


Яшчэ не было суда, яшчэ не закончылася следства, а дзяржаўнае тэлебачанне адрапартавала аб раскрыцці карупцыйных схемаў у цукровай галіне і з падачы КДБ абвесціла затрыманых дырэктараў цукровых камбінатаў вінаватымі ў правале рэнтабельнасці гэтай сферы. Аднак «Панарама» на БТ кажа не пра ўсё, што істотна ў крымінальнай эпапеі з дзяржаўным умяшаннем у эканоміку і расейскімі партнёрамі.

«Ад упакоўкі – да прылаўку – пакажам на чым пагарэлі ўдзельнікі крымінальнай схемы», – адмысловае расследаванне «Цукровая мафія» у праграме «Панарама» распачынаецца з горкай статыстыкі: летась прыблізна BR 200 млн – сумарныя страты чатырох айчынных цукровых прадпрыемстваў. І прычыны: «У Расеі пабудавалі наўпроставых канкурэнтаў, сусветныя кошты на цукар праселі. Без дапамогі дзяржавы і мадэрнізацыі прадпрыемствам пагражала б банкрутства».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Да пераходу з прыватных у дзяржаўныя рукі і мадэрнізацыі, на загад Лукашэнкі, цукровая прамысловасць была рэнтабельнаю. То навошта ўмешвацца – паціскае плячыма аўтар праграмы «Давайце разбірацца» Станіслаў Івашкевіч:

«Рабілася гэта ўсё дзеля таго каб сесці на грашовую плынь кантрабанды ў Расею цукру, вырабленага ў нас з цукравала трасніку (імпартаванага з карыбскага рэгіёну)».

Падчас адной з нафтагазавых войнаў Расея пазбавіла Беларусь бязмытнага кошту на цукровы траснік, а на бураковай сыравіне заводы зрабіліся стратнымі. Дзяржава наказала не прадаваць цукар спажыўцам менш чымся за Br 1,5 руб.

«У цукровых заводаў была магчымасць усё ж такі падсунуцца ў гэтай цане, але яны выкарысталі яе інакш. Гэта гісторыя пра тое, да чаго даводзіць дзяржаўнае рэгуляванне.

Кіраўнікі прадпрыемстваў збудавалі карупцыйную схему, сутнасць якой напярэдадні перадаў аўтар мадэрнізацыі: «Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве «пракладку», гандлёвы дом. Звычайная «пракладка». Паставілі туды сваіх. З заводаў па заніжаных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў», – нагадвае эканамічны аглядальнік Тут.бай Аляксандр Заяц.

Паводле Камітэту Дзяржбяспекі, аб’яднаныя ў зарэгістраваную ў Маскве «Беларускую цукровую кампанію» заводы з 2007 года экспартавалі цукар у Расею. «Зараблялі» $ 1-2,5 за адгружаную тону (ці сотні тысячаў долараў хабару на год…

Дырэктар БЦК Дзмітрый Кірылаў перадаваў грошы беларускім службоўцам – цвердзяць у КДБ. За ўзяцце ці дачу хабару затрыманыя прынамсі сямёра. Першым у СІЗА трапіў Уладзімер Ціхіня – легендарны змагар з бандытызмам у дзевяностых і нулявых гадах. Яго вінавацяць у страхаванні карупцыйнай групы.

«Сілавікі «крышуюць» пэўныя бізнесы – гэта не навіна. Пра гэта кажуць, папросту не было красамоўных фактаў, як той што цяпер паказалі», – кажа Аляксандр Заяц.

Даследнік карупцыі Станіслаў Івашкевіч кажа: «Пераварот у салодкай галіне мае на мэце памяняць дырэктара «Белхарчпраму» на блізкую да КДБ асобу». Падобны прыклад журналіст выявіў на на Ашмянскай і Гомельскай мяжы, дзе паарыштоўвалі кіраўніцтва:

«Іх усіх паарыштоўвалі, памянялі кіраўніцтва. Іхныя месцы занялі іншыя кампаніі, якія гэтаксама гоняць бязмытна велізарны аб’ём кантрабанды не толькі санкцыйнай, але і тыпу турэцкай вопраткі… Адную з гэтых кампаніяў – «БрэменГрупп» ачоліў былы кіраўнік КДБ».

«Панарама» ж акцэнтавала на абʼёмы скрадзенага «цукравікамі». Дырэктары заводаў атрымлівалі ў кішэню да 3 цэнтаў узнагароды за кожны набыты «мех» цукру. То бок зараблялі таксама на ўпакоўцы праз адмыслова для гэтага адчыненую ў Беларусі фірму «Еўратарэкс», якая набывала дарагую сыравіну з расейскай фірмы «Полимер».

Мы спраўдзілі, што рынку «Еўратарэкс» ужо 20 гадоў і мае шырокі спіс кліентаў, не толькі цукравікоў. Але што ў несалодкай справе бясспрэчна, што страты не адзін год кампенсоўвалі спажыўцы – на ўнутраным рынку.

Юлія Цяльпук belsat.eu