Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі праз Беларусь турэцкіх яблыкаў


Гандлёвыя войны працягваюцца. Гэтым разам пад забарону «Рассельгаснагляду» трапілі турэцкія яблыкі, якія Беларусь рээкспартуе ў Расею. Маўляў, за турэцкі тавар Беларусь выдае садавіну іншага паходжання, якой Крэмль не вітае. Але ці толькі санкцыйная прадукцыя сталася яблыкам разладу?

У сваім паведамленні пра забарону рээкспарту турэцкіх яблыкаў праз Беларусь «Рассельгаснагляд» заяўляе, што неаднаразова паведамляў беларускім калегам пра неабходнасць больш дасканалай праверкі паходжання прадуктаў, якія размытнёўваюцца ў Беларусі ды пастаўляюцца ў Расею.

«Прынцыпова для Расеі, што Беларусь не дапамагае ў гэтым супрацьстаянні з Захадам, а сама шукае, як на гэтым зарабіць. Вось гэта больш за ўсё не падабаецца кіраўніцтву Расеі, што так бы мовіць, на бедах Расеі Беларусь імкнецца зарабіць. А не мільёны, якія яна атрымлівае, бо грошы ж невялікія», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Санкцыйная прадукцыя трапляе на расейскі рынак паводле фальшывых сертыфікатаў з краінаў, імпарт з якіх у Расею не забаронены. Гэтак, на прасторах суседняй краіны быў вал і малдаўскіх яблыкаў і ігрушаў з краінаў Афрыкі, дзе яны наагул не растуць. А ў 2015 годзе Беларусь паставіла ў Расею яблыкаў у пяць разоў больш, чым склаў ураджай.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату», тлумачыць:

«Рассельгаснагляд» затрымлівае толькі долю адсотку ад рээкспартаванай садавіны і гародніны. Не ад усёй садавіны і гародніны, што ідзе з Беларусі легальна і нелегальна, а толькі рээкспартаванай долю адсотку. Таму ўзнікаюць вялікія падазрэнні, што чыноўнікі «Рассельгаснагляду» самі ў карупцыйнай схеме».

Летась Беларусь імпартавала каля 200 тысячаў тонаў яблыкаў на больш за 100 мільёнаў долараў. Гэта на 60 % менш, чым у 2017 годзе, бо ў нас таксама яблыкі надта добра ўрадзілі. І нават пры гэтым ажно 40 % украінскіх яблыкаў летась экспартавалася менавіта ў Беларусь. Забарона на пастаўкі садавіны ў Расею будзе азначаць страту крыніцы паступлення валюты ў бюджэт, хоць і не надта істотную.

«У доўгатэрміновай перспектыве, аднак, гэта добра для Беларусі. Бо кантрабанда шкодзіць айчынным вытворцам тых жа яблыкаў, бо яблыкі ёсць таксама і ў нас. Айчынным перапрацоўнікам, якія маглі б карыстацца тымі ж расейскімі санкцыямі для таго, каб наладзіць заводы для выпуску сокаў. Але гэта нікому не выгадна, бо нашмат выгадней купіць за капейкі фальшывы сертыфікат і прыгнаць яго ў Расею», – гаворыць Станіслаў Івашкевіч.

Паводле падобнага прынцыпу дзеюць і іншыя галіны айчыннай эканомікі, чапляючыся за расейскі рынак, куды ідзе больш за траціну ўсяго беларускага экспарту. Леанід Злотнікаў, эканаміст:

«Нашая прамысловасць працягвае адставаць. За шмат гадоў тут нічога не з’явілася, ніякіх новых тавараў не вырабляецца… Эфектыўных прадпрыемстваў вельмі мала – 30–40 %. І такая адсталасць… Тут нічога змяніць нельга, карэнным чынам не змяняючы эканамічную сістэму».

Аднак кіраўнік дзяржавы пакуль публічна заяўляе, што ад абранага эканамічнага курсу адмаўляцца не збіраецца.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu