Распрацоўшчыка формы для КДБ пазбавілі месца ў Геральдычнай радзе пры прэзідэнце


Аўтарытэтнага эксперта ў галіне геральдыкі пазбавілі месца ў Геральдычнай радзе пры прэзідэнце Беларусі. Прычына – публікацыя даведніку пра форму антысавецкіх фармаванняў у часы Другой сусветнай.

Віктар Ляхар, аўтар кнігі «Бітва супраць зоркі», зрабіў ілюстрацыі адзення самых розных фармаванняў, якія дзеялі на акупаванай тэрыторыі Беларусі. У даведніку ёсць і ўзоры тагачасных агітацыйных улётак супраць партызанаў і савецкіх дыверсантаў. Рэакцыя рушыла следам, але не адтуль, адкуль чакалася.

Геральдыст Віктар Ляхар распавядае:

«Разлічваў, што гісторыкі-навукоўцы, магчыма, зробяць нейкія заўвагі наконт недакладнасцяў. Але замест гэтага сабраліся адстаўныя палітработнікі, дзейныя вайсковыя палітработнікі ды ваенна-гістарычная суполка пры Доме афіцэраў. Мяне не запрасілі. Свой вердыкт у форме даносу яны накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта. І мяне адхілілі».

Кнігу не дапусцілі да афіцыйнага распаўсюду ў беларускіх крамах і бібліятэках. Чаму ж у Беларусі і сёння табу на распаўсюд інфармацыі не толькі пра падзеі Другой сусветнай, а нават згадкі пра тое, што былі адмысловыя фармаванні на службе тагачаснай Нямеччыны?

«У нас ад савецкіх часоў працягваецца, не пабаюся гэтага слова, маразм ідэалагічны. Ёсць правільная і ёсць няправільная гісторыя. Ёсць забароненая і не забароненая. Насамрэч гэта не з’яўляецца нейкай прапагандай. Гэта выключна факты», – каментуе гісторык Ігар Мельнікаў.

Геральдыкаю розных перыядаў гісторыі Віктар Ляхар займаецца больш за 20 гадоў. Кніга, якую геральдыст выдаў за ўласныя сродкі, між іншага, мелася стаць дапаможнікам для кінастудыі «Беларусьфільм», на якой традыцыйна здымаюць шмат на ваенную тэматыку.

«Я падумаў, што ў Беларусі, дзе пануе культ вайны, культ подзвігу краіны-партызанкі, было б няблага валодаць інфармацыяй, каб потым больш дакладна з гістарычнага погляду яе паказваць. Ніякіх ацэначных высноваў. Папросту паказаў, якую форму насілі, колькі на ёй гузікаў, якога колеру, якія павязкі і г.д», – дадае Віктар Ляхар.

Дык чаму ж увогуле інфармацыю пра Другую сусветную нам падаюць выбарачна? І што на гэта жыхары сталіцы?

«Гісторыкі пішуць: партызаны добра, а немцы – дрэнна. А як паслухаеш нашых бабулек і дзядуляў, дык усё было наадварот».

«Напэўна, мусяць быць нейкія людзі, папулярныя ў грамадстве, якія мусяць узняць гэтую тэму. Гісторыя абслугоўвае тую ўладу, якая ёсць. Каб даведацца праўду, трэба чакаць, пакуль тут усё зменіцца».

«Школьныя падручнікі не пішуць праўды і нават ва ўніверсітэтах не выкладаюць. Даўно час пачаць пісаць праўду. Самае горшае, што дасюль пішуць так, як тады было прынята».

Віктар Ляхар у свой час распрацоўваў форму работнікаў МУС, КДБ, вайсковыя мундзіры сучаснай Беларусі. Няўжо ў адзін момант адзін данос здолее перакрэсліць дзясяткі гадоў працы?

Любоў Лунёва, belsat.eu