Распачалася агульнанацыянальная кампанія супраць дэкрэту № 3. Будзе «Марш дармаедаў»


У Дзень Канстытуцыі – прайсціся па вуліцах для абароны сваіх канстытуцыйных правоў. Правацэнтрысты плануюць правесці 15-га сакавіка вялікі «Марш дармаедаў». Пакуль жа абдумваюць гэтую ідэю, збіраюць подпісы за адмену дэкрэту № 3.

«Гэта тое пытанне, па якім мы можам абʼяднаць вельмі многа людзей, незалежна ад таго, ці яны ў палітыцы, ці апалітычныя, ці яны правыя, ці яны левыя, але ўжо відаць насамрэч, што дастала», – упэўнены лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Падпісанты кажуць, што праблема можа закрануць кожнага

«Я працую, але разумею, што ў любы момант таксама магу стаць дармаедам».

«Калі ўжо беларусы дармаеды, то ў мяне ўжо ўвогуле словаў няма. То хто тады расейцы? Хаця нельга так агульна ўвесь народ абзываць».

«Ды гэта нейкае бязладдзе проста. Чалавека выганяюць на вуліцу і яшчэ плаці за гэта».

– мяркуюць жыхары Менску.

Распачалася агульнанацыянальная падпісная кампанія

Ад сёння збор подпісаў ладзяць прафсаюз РЭП і грамадская арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву». Яна будзе доўжыцца месяц.

«Проста нерэальна плаціць такія грошы, якія зараз прымушаюць людзей плаціць. А ў людзей няма працы, дзе працаваць? Усё стаіць, усе фабрыкі і заводы», – дзеліцца жыхарка Бабруйску.

«Ведаю, што людзі незадаволеныя, але плаціць трэба»

Дзякуючы ініцыятыве беларусы могуць паставіць свой подпіс не толькі ў Менску і ў абласных цэнтрах, але і ў меншых Бабруйску, Воршы, Наваполацку, Салігорску. Ёсць і тыя, хто падатак падтрымлівае.

«Ведаю, што людзі незадаволеныя, але плаціць трэба канешне. Гэта трэба было даўно зрабіць, яшчэ 20 гадоў таму», – кажа жыхар Бабруйску.

«Я чакала, што такія людзі будуць абавязкова і будуць яшчэ, гэта не першы чалавек, якія падтрымліваюць нашага прэзідэнта, наш урад, ну прыйдзе час і да іх, напэўна іх яшчэ гэта не закранула», – дадае збіральніца подпісаў Галіна Смірнова.

Свой голас можна аддаць і электронным шляхам на сайце zvarot.by

Гэтая платформа абавязвае чыноўнікаў адказваць. Актывісты падкрэсліваюць, што грамадзяне маюць права і наўпрост патрабаваць у падатковых афіцыйных тлумачэнняў. З гэтай мэтай група жыхароў Рэчыцы прыйшла да мясцовага прадстаўніцтва ведамства са сваймі скаргамі.

Людзі абʼядналіся праз сацыяльныя сеткі

«Такім спосабам мы проста на 15-30 дзён адтэрмінуем суд, а пасля трэба будзе зноў нешта думаць. Бо ў мяне асабіста грошай няма», – тлумачыць жыхарка Рэчыцы.

Калі падаткоўцы не рэагуюць, трэба ісці далей – у пракуратуру, кажуць праваабаронцы. Бо беларусаў у першую чаргу бароніць галоўны закон краіны, Канстытуцыя, які прадугледжвае права, але не абавязак на працу.

Таццяна Рэут, «Белсат»