Расліна-забойца атакуе Беларусь


Сумнік канадскі – цяпер яго можна ўбачыць практычна па ўсёй краіне, а асабліва – у ваколіцах Менску. Але мала хто ведае, што за абліччам прывабнай жоўтай кветачкі хаваецца надзвычай шкодная для беларускай прыроды расліна.

Сумнік стварае суцэльныя зараслі, сярод якіх ужо не існуе ніякіх іншых раслінаў. Аднак людзі часта банальна не ведаюць пра яго шкоднасць ды самыя высаджваюць сумнік на сваіх участках як дэкаратыўную расліну – адсюль ён і распаўсюдзіўся па краіне. Жыхары ваколіцаў Менску, дзе ёсць ужо вялікія зараслі сумніку, нават і не чулі пра яго небяспечнасць.

Жыхары Юхнаўкі:

«Тут зарастае і зарастае. А казаць – дык ніхто асабліва і не звяртае ўвагі».

«Мы са свайго гароду яго выкопваем і выкідваем. Мы нават не даем зацвісці. У нас проста суседзі разводзяць яго».

«Вось увечары прыйду – нікога ўжо няма. А тое, што зарастае… Ну, я нават не ведаю».

«Не маю ніякага разумення, што гэта такое. Першы раз ад вас чую, што гэта сумнік».

Раней у Беларусі існавалі і свае віды сумнікаў, аднак яны не настолькі агрэсіўныя, таму асабліва заўважнымі не былі. Канадскі ж сумнік быў завезены ў Беларусь з Паўночнай Амерыкі на пачатку 20 стагоддзя ў якасці дэкаратыўнай расліны. А пасля натуральным чынам вывеліся і гібрыды яго з мясцовымі гатункамі, якія зрабіліся яшчэ больш трывалымі і небяспечнымі для іншых раслінаў.

«У карэнішчы сумніку змяшчаюцца спецыяльныя рэчывы, што інгібіююць, прыгнятаюць іншыя расліны. … Адпаведна, глядзіце, першы адмоўны момант – ужо нашай флоры не будзе. Калі няма флоры, то няма суніцаў, няма чарніцаў – ягадаў таксама не будзе. А ў такім гушчары і грыбоў таксама – ні маслякоў, ніякіх падбярозавікаў мы ўжо таксама не знойдзем», – кажа Аркадзь Скуратовіч, старэйшы навуковы працаўнік НАН Беларусі.

На меркаванне адмыслоўцаў, дзеля недапушчэння такой сітуацыі варта як мінімум знішчыць сумнік на сваіх участках, а таксама побач з імі, не даць расліне распаўсюдзіць шматлікае насенне. А пакінутыя палеткі, дзе сумніку найбольш, варта пераараць і засадзіць айчыннымі шматгадовымі раслінамі.

«50 гадоў таму кожны кавалак зямлі ў Беларусі інтэнсіўна абрабляўся. На сённяшні момант гэта зусім не так. І, адпаведна, тыя ўчасткі зямлі, якія былі кінутыя, каму яны дасталіся? Яны дасталіся не натуральным прыродным біяцэнозам, бо яны не могуць ажывіць гэтую забітую атручаную зямлю. Яны дасталіся тым раслінам, якія ў стане на гэтай зямлі жыць», – мяркуе Ігар Корзун, актывіст ГК «Гарадскі ляснічы».

Адпаведна, некаторыя эксперты мяркуюць, што сумнік і такія інвазійныя віды могуць аднавіць глебу пасля савецкага земляробства. У той жа момант, сумнік распаўсюджваецца імкліва і бескантрольна. Адзін куст гэтай расліны дае штогод 150 тысячаў адзінак насення, з якога можа ўзысці больш за палову. Паводле некаторых ацэнак, за апошнія 10 гадоў плошча сумніку вырасла ў чатыры разы, таксама істотна ўзрасла шчыльнасць. Навукоўцы ды эколагі пачынаюць біць трывогу і заклікаюць людзей змагацца з гэтай агрэсіўнаю раслінаю.

«Калі ўвесну апрацоўваць ядахімікатамі маладыя расліны, да цвіцення, тады эфект ёсць. Калі сенакашэнне цягам сезону тры – пяць разоў скасіць, расліна слабее. Але гэта трэба касіць цягам гадоў пяці – сямі. Ну, і чыста механічна выкопваць», – адзначае кажа Аркадзь Скуратовіч, старэйшы навуковы працаўнік НАН Беларусі.

Аднак пакуль не будзе адпаведнай працы з боку дзяржавы як у інфармаванні насельніцтва, гэтак і ў сістэмнай барацьбе з сумнікам ды іншымі шкоднымі інвазійнымі відамі, выніку чакаць не даводзіцца.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»