Расгвардыя, паліцыя і казакі жорстка разагналі антыпуцінскія мітынгі


Ён ім не цар. За два дні да новай інаўгурацыі Пуціна Расея выйшла на акцыю пратэсту – тысячы ўдзельнікаў у дзясятках гарадоў. Паліцыя і Нацыянальная гвардыя Расеі разагналі мірныя пратэсты сілаю – з дапамогаю добраахвотных праціўнікаў дэмакратыі. Затрымалі больш за тысячу дзвесце чалавек, у тым ліку арганізатара акцыі Аляксея Навальнага.

Не толькі амапаўцы з дручкамі, але і казакі з нагайкамі ды актывісты з савецкімі сцягамі. Расейская ўлада брутальна адрэагавала на пратэсты.

У акцыях супраць Уладзіміра Пуціна пад агульнаю назвай «Ён нам не цар» узялі ўдзел тысячы чалавек па ўсёй краіне. Людзі выказвалі сваю стомленасць нязменным 18-цігадовым кіраваннем Пуціна ў Расеі.

«Сюды прыйшлі людзі, якім надакучала, што дактары, настаўнікі, іхныя бацькі атрымліваюць заробкі, на якія немагчыма выжыць. Я думаю, гэтыя людзі прыйшлі сюды паказаць, што ім не ўсё роўна», – казалі пратэстоўцы.

У Маскве на Пушкінскай плошчы, дзе сабраліся некалькі тысяч пратэстоўцаў, выйшлі прапуцінскія актывісты, якія і спрабавалі перакрычаць нязгодных.

«Не могуць тут турысты прайсці, хаця гэта цэнтр гораду, гістарычнае месца прыгожае. Чаму нехта думае, што мае права прыйсці і заняць гэта?» – кажа прыхільніца Пуціна.

Ініцыятарам акцыяў стаўся расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны.

Навальнаму ўдалося дайсці да натоўпу ды нават выступіць, але потым брутальна затрымалі і самога апазіцыйнага лідара.

У Санкт-Пецярбурзе на апазіцыйнае шэсце сабраліся прынамсі больш за тысячу. Маніфестанты спрабавалі прыбраць паліцэйскія загарадкі.

У сваю чаргу праваахоўнікі затрымлівалі ўсіх без разбору.

У аўтазак адвялі нават жаніха, які прыйшоў з нявестаю выбраць сабе пярсцёнкі.

Між тым пратэсты адбываліся ў шмат якіх іншых расейскіх гарадах. Гэтак, вялікая колькасць людзей мітынгавала ў Екацярынбурзе.

«Мы апынуліся на ўзбочыне сусветнай цывілізацыі. Разумееце, гэта жахліва, калі краіна не можа развівацца», – кажуць удзельнікі пратэсту ў Екацярынбургу.

«Памятаем, што яго сюды проста прызначылі. Падтрымання ў яго няма. Калі нешта здарыцца, то яго змятуць. Ён абапіраецца толькі на сілавыя структуры – гэта няправільна».

Адметна, што на нейкі момант да пратэстоўцаў далучыўся кіраўнік гораду Яўгеній Ройзман.

Яскрава выглядала акцыя ў Томску. Зрэшты, і там, не зважаючы на адносны спакой, не абышлося без затрыманняў.

Удзельнікі пратэсту ў Томску:

«Грамадзяне маюць права збірацца мірна і бяззбройна. Гэта нашае права, мы маем свой голас».

«У мяне ёсць не страх. У мяне ёсць неспакой за будучыню. Страху тут няма».

Уладзімір Пуцін упершыню зрабіўся прэзідэнтам Расеі ў дзвюхтысячным годзе.

У панядзелак мае адбыцца ягоная чацвёртая інаўгурацыя.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Фота – REUTERS/Anton Vaganov