Расею чакае «расплата» за «правядзенне нахабных кібер-аперацыяў»


Новы шпіёнскі скандал, які выкліча чарговыя балючыя санкцыі супраць расейскай эканомікі. Улады Нідэрландаў распавялі пра высылку 4 супрацоўнікаў расейскіх спецслужбаў, назвалі іхныя імёны ды паказалі дыпламатычныя пашпарты. Працаўнікі ГРУ спрабавалі правесці кібератаку. Абсталяванне для ўзлому ў іх сканфіскавалі. Але гэта толькі частка сённяшніх навінаў пра расейскі шпіянаж і шкодніцтва.

Жахлівы дзень для вайсковай выведкі ГРУ і Крамля. Нідэрланды апублікавалі звесткі пра расейцаў – удзельнікаў кібератакі супраць Арганізацыі за забарону хімічнай зброі. Спроба ўзлому камп‘ютарнай сістэмы аб‘яднання адбылася 13-га красавіка ў Гаазе, калі там расследавалі выкарыстання хімічнай зброі «Новичок» у Солсбэры ды хімічнай атакі ў сірыйскім горадзе Дума. Анк Бійлевэлд, міністр абароны Нідэрландаў:

«У той жа дзень Служба бяспекі і ваеннай выведкі сарвала кібер-аперацыю, і 4-х удзельнікаў – афіцэраў ГРУ – выдалілі з Нідэрландаў. А выкарыстанае імі абсталяванне засталося».

Два кібер-адмыслоўцы ГРУ прыляцелі з Масквы ў Амстэрдам пад імёнамі Аляксей Маранец і Яўгеній Серабракоў, нумары іх пашпартоў адрозніваюцца толькі апошняю лічбай. Іх суправаджалі ГРУшнікі Алег Сотнікаў і Аляксей Мінін, яны арандавалі аўтамабіль, дзе размясцілі абсталяванне для ўзлому сеткі Wi-Fi. Расейцы мелі пры сабе дзясяткі тысяч долараў і еўраў. Падчас затрымання адзін з ГРУшнікаў спрабаваў разбіць свой тэлефон. Таксама ў кішэні ў аднаго з затрыманых знайшлі квітанцыю на таксі ад будынку ГРУ ў Маскве да аэрапорту «Шэрэмецьева». Таксапарк пацвердзіў сапраўднасць дакументу. Она Эйхельсгейм, кіраўнік Службы бяспекі і вайсковай выведкі Нідэрландаў:

«У аэрапорце «Схіпгол» гэтых 4-х асобаў суправаджаў прадстаўнік амбасады Расеі ў Гаазе. Як бачыце на фота, гэты чалавек справа. Усе 4 афіцэры ГРУ мелі дыпламатычныя пашпарты».

Як вынікае з інфармацыі контрвыведкі, кібер-ГРУшнік Яўгеній Серабракоў раней ездзіў у Малайзію, дзе спрабаваў скрасці інфармацыю ў міжнароднай групы, якая расследуе катастрофу малайзійскага «Боінга«, збітага зеніткай «Бук» з тэрыторыі гэтак званай ДНР. Гэтая ж група расейцаў датычная да спробаў узлому камп’ютарнай сістэмы ў швейцарскай лабараторыі, якая расследуе выкарыстанне хімічнай зброі, а таксама да заражэння кампутараў функцыянераў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва WADA. Пітэр Ўілсан, амбасадар Вялікай брытаніі ў Нідэрландах:

«Падзеі ў Гаазе – не адзінкавы выпадак. Расейская вайсковая частка № 26165 накіравала сваіх афіцэраў па ўсім свеце для правядзення нахабных кібер-аперацыяў».

Яшчэ адзін «шпіён дня» – Міхаіл Бачкароў, чыноўнік з Савету Расейскай Федэрацыі. У Нарвегіі яго падазраюць у шпіянажы ў будынку парламенту. Падчас семінару Бачкароў спрабаваў прайсці ў розныя памяшканні, маючы з сабой абсталяванне для кібер-узлому. Сёння яму на 14 дзён працягнулі тэрмін папярэдняга арышту. Міхаіл Бачкароў, расейскі чыноўнік, падазраваны ў шпіянажы:

«Я працаваў, здымаў выступы. Я паводзіў сябе так, як звычайна паводжу сябе… як паводзіў сябе на папярэдніх мерапрыемствах».

У Маскве ўсе доказы называюць прыдумкай і фантазіямі. Марыя Захарава, прадстаўніца МЗС Расеі:

«Змяшалася ўсё: і ГРУ, і кібершпіёны, і крамлёўскія хакеры, і WADA. Нейкая пякельная парфумерная сумесь».

Яшчэ ўчора Пуцін адмаўляў выкарыстанне хімічнай зброі «Новичок» супраць перабежцы Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі ў Солсбэры. Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Ён проста шпіён. Здраднік Радзімы… Ён проста паскуднік… Прыехалі нейкія мужыкі, пачалі травіць бамжэй у вас у Вялікай Брытаніі. Што за бязглуздзіца? У ачыстцы яны працуюць ці што?»

І тут жа заяўляў: заходнія партнёры, увядзіце ўжо ўсе санкцыі, тады Расея будзе абараняць нацыянальныя інтарэсы ўсімі дасяжнымі спосабамі. Сёння ж Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла абвінавачанні 7 афіцэрам ГРУ, датычным да кібер-дзейнасці супраць ЗША, іх саюзнікаў і міжнародных арганізацыяў. Заявы аб наступствах за расейскія кібер-атакі зрабіла і кіраўніцтва Еўразвязу, НАТА, і міністр абароны ЗША.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu