Расея застанецца без беларускага малака?


Дзяржава саюзная, неба адзінае, але прадуктовы рынак паасобку. Беларусь можа згубіць найбуйнейшага пакупніка малочнай прадукцыі – Расею. Намер цалкам адмовіцца ад беларускіх вытворцаў на карысць сваіх сёння ізноў выказаў міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў. У Маскве нашых вытворцаў вінавацяць у махлярствах, але ці гэта не той выпадак, калі прычына зарытая недзе глыбей?

Афіцыйна прапанову беларускім вытворцам шукаць іншыя рынкі збыту Аляксандр Ткачоў патлумачыў тым, што «нармальнаму развіццю рынку перашкаджае нядобрасумленная канкурэнцыя з малочнаю прадукцыяй, якая змяшчае раслінныя тлушчы, і сухім малаком».

Раней расейскі бок заяўляў яшчэ і пра антыбіётыкі ў беларускім малацэ

Апошнія прэтэнзіі на гэты конт меліся да Шчучынскага масласырзаводу. Агулам жа пад пільны нагляд «Рассельгаснагляду» беларускія прадпрыемствы зноў трапілі сёлета ў лютым. Пра тое, што праблема перадусім не ў якасці малака, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. Паводле яго, Расея цяпер актыўна развівае вытворчасць харчавання. Прадуктовае эмбарга ў дачыненні краінаў Еўразвязу зліквідавала канкурэнтаў і, адпаведна, паўплывала на плынь прыватнага капіталу ў аграпрамысловы комплекс.

«Я не думаю, што тут ёсць нейкія палітычныя чыннікі. Тут выключна эканамічныя чыннікі. Лабісцкія групы ў Расеі маюць свае інтарэсы і яны лабіруюць кіраўніцтва палітычнае праз «Рассельгаснаглядм, каб абмежаваць беларускую прадукцыю», – зазначыў палітолаг.

Згодна з дамовамі Еўразійскага эканамічнага саюзу, паміж яго краінамі мае быць свабодны таваразварот. Аднак Расея, паводле палітолага, пайшла шляхам адміністратыўных перашкодаў, каб пазбавіцца канкурэнцыі. Што праўда, пэўныя пытанні ёсць і да беларускага боку.

«Той жа Ткачоў у гэтай заяве абвінавачваў Беларусь у дэмпінгу. Тое, што беларуская прадукцыя як бы пастаўляецца па больш нізкіх коштах, пры чым гэта робіцца штучна, каб выціснуць. І сапраўды тут ёсць пэўны элемент праўды, таму што беларускае харчаванне ў значна якіх раёнах Расеі каштуе танней, чым у самой Беларусі», – звяртае ўвагу Карбалевіч.

На сёння Беларусь – найбуйнейшы пастаўнік малака ў Расею

Айчынная доля ў агульным аб’ёме імпарту малочных прадуктаў у Расею летась склала 86 %. Аднавіць дэфіцыт на ўнутраным рынку, паводле Аляксандра Ткачова, Расея зможа цягам пяці–сямі гадоў. А на што можа разлічваць Беларусь ва ўмовах страты расейскага рынку?

«Рэальна можна разважаць пра афрыканскія краіны, пра Афрыку, Азію. Асобна пра краіны, якія месцяцца ў зоне Персідскага заліву, але мы чуем гэтыя размовы ўжо можа дзесяць гадоў, паўтара дзясяткі гадоў», – распавядае Аляксандр Ярашук, эксперт у галіне аграпрамысловага комплексу.

І хаця падчас візіту ў Дзяржынскі раён Лукашэнка загадаў шукаць новыя рынкі збыту, надзеі на развязанне пытання шляхам палітычных перамоваў не выключае. Кіраўнік краіны запэўніў, што мае намер абмеркаваць сітуацыю сам-насам з Уладзімірам Пуціным пасля ягонай інаўгурацыі.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Rymakov Vadim / TASS / Forum