Расея закрывае межы. Наглуха


Сапраўдны рай, пасланы з нябёсаў! Гэтак некаторыя футбольныя заўзятары называюць беларускую Найвышэйшую лігу. Ужо другі тыдзень ледзь не ўвесь свет сочыць… за чэмпіянатам Беларусі.

У гэтыя няпростыя часы, калі пандэмія COVID-19 прыпыніла амаль усе спартовыя спаборніцтвы па ўсім свеце, айчынныя клубы Найвышэйшай лігі працягваюць гуляць.

І нават пры гледачах на трыбунах. Няўжо яны не баяцца небяспечнага вірусу?

Наведнікі матчу ў Берасці кажуць:

«Не асцерагаемся. У нас жа ў Беларусі няма каронавіруса».

«Не. Як сказаў «бацька», ён нас абыдзе бокам».

«Я клапачуся пра сваё здароўе і здароўе іншых». – «Навошта на футбол прыйшлі?» – «Таму што я ўсё жыццё заўзеў і буду заўзець за футбол».

«Ой, і вы яшчэ туды паехалі… Мая дачка жыве ў Італіі, і ўчора яна так пераконвала, каб я нікуды не хадзіў».

«Я разумею, што ёсць рызыка, але, я лічу, не такая ўжо і вялікая».

З тым, што рызыка ёсць, пагаджаюцца і футбалісты і трэнеры камандаў. «Канечне, трошкі баюся – навокал усе шарахаюцца ад гэтага каронавіруса. Але пакуль што гуляем – ніводнага выпадку пакуль не было, і, дай Бог, так і будзе», кажа Аляксей Наско, капітан ФК «Энергетык-БДУ».

«Мы людзі паднявольныя, ад нас гэта не залежыць, вы самі гэта разумееце. У нас праходзіць чэмпіянат, і мы гуляем у ім», распавядае Уладзімір Бяляўскі, галоўны трэнер ФК «Энергетык-БДУ».

«Першае – гэта здароўе любых людзей. І я вельмі спадзяюся, што ўсё будзе добра», – лічыць Аляксандр Сяднёў, галоўны трэнер ФК «Рух».

Кіраўнік краіны таксама сёння займаўся спортам. Лукашэнка гуляў у хакей. З ягоных словаў, гэты від спорту – найлепшыя антывірусныя лекі. Падобная рыторыка гучала і напярэдадні, падчас сустрэчы з працаўнікамі прадпрыемства «Белгіпс»:

«Я жыву тым жа жыццём, якім і жыў. На трэніроўках з хакеістамі сустракаюся, рукі паціскаем, абдымаемся, калашмацім адзін аднаго».

Тым часам выглядае на тое, што Крэмль да праблемы распаўсюду каронавіруса ставіцца больш адказна, чымся ягоны хаўруснік. На распараджэнне расейскага ўраду з 30 сакавіка Расея цалкам закрывае межы, у тым ліку і з Беларуссю. Палітолаг Вольга Харламава лічыць, што захаду прынялі, каб расейцы падчас каранціннага тыдню трацілі грошы ўнутры краіны, а не за яе межамі. Але прычына не толькі ў гэтым:

«Закрыццё межаў з боку Расейскай Федэрацыі, у тым ліку і з Рэспублікай Беларусь, можа быць гэткай рэакцыяй – маўляў, Расея пакрыўдзілася – на тое, што ў Беларусі футбол ёсць, а свята яднання народаў Расеі Беларусі няма».

На які канкрэтна тэрмін Расея закрывае сваю мяжу, не паведамляецца.

Віталь Бабін, «Белсат»