Расея ўтрая павялічыла колькасць танкаў на мяжы з Украінай


Расея ўтрая павялічыла колькасць танкаў на мяжы з Украінай, ёсць пагроза поўнамаштабнай вайны. Украінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка агучыў апошнія звесткі выведкі:

«Гэтых танкаў яшчэ не вывелі. Яны застаюцца там. І таму я хачу, каб ніхто не думаў, што гэта нейкія забавы ці цацкі. Краіна застаецца пад пагрозаю поўнамаштабнай вайны з Расейскаю Федэрацыяй».

Ваеннае становішча пачало дзеяць на тэрыторыі дзесяці вобласцяў Украіны і ўнутраных водаў Азоўска-Керчанскай акваторыі сёння з 9-й гадзіны раніцы. Разам з тым за двое апошніх содняў ва Украіну не пусцілі 85 грамадзянаў Расеі, што прыляцелі ў Кіеў самалётамі «Белавія». Пры гэтым, амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім падкрэсліў, што з ваенным становішчам гэта не звязана. У той жа час сваякі захопленых украінскіх маракоў да гэтага часу абмежаваныя ў атрыманні дакладнай інфармацыі пра іхны лёс.

«Васілю далі магчымасць патэлефанаваць дадому, сказаў жонцы, што рукі і ногі цэлыя, і ўсё. Нават не павіншаваў, хоць у яе быў дзень нараджэння. Я думаю, ён казаў толькі тое, што яму дазволіла казаць ФСБ», – распавядае Віктар Сарока, бацька захопленага ў палон марака Васіля Сарокі.

Паразмаўляць пра сітуацыю з Уладзімірам Пуціным спрабаваў асабіста прэзідэнт Украіны, аднак марна. Сёння расейскі прэзідэнт назваў дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў у Керчанскай пратоцы правакацыяй напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў – маўляў, чаго толькі ні зробіць Кіеў, каб абвастрыць сітуацыю.

«Ім усё сыходзіць з рук. Калі яны сёння запатрабуюць немаўлятаў на сняданак, яны запатрабуюць і немаўлят. А што? – скажуць. Яны хочуць есці», – скаментаваў Уладзімір Пуцін.

Парашэнка ж заклікаў на дапамогу Еўропу і ЗША: у кулуарах нават зайшла гаворка аб размяшчэнні амерыканскай вайсковай базы на тэрыторыі Украіны.

«Калі казаць пра палітычны ўзровень, дыялог з амерыканцамі пра гэта вядзецца. Калі пра юрыдычны, то трэба казаць, напэўна, бліжэй інтэграцыі Украіны з NATO. База, вядома, патрэбная, гэта адназначна. Бо інакш мы не можам паўнавартасна запэўніваць нашай доўгатэрміновай бяспекі ў сувязі з палітыкаю Расейскай Федэрацыі», – тлумачыць Іван Віннік, дэпутат ад блоку Пятра Парашэнкі.

Улічваючы падобнае жаданне Польшчы, якой Трамп параіў разлічваць на самастойныя фінансавыя сілы, наколькі рэальныя гэткія перспектывы для Кіева?

«Тое, што гэтае пытанне абмяркоўваецца, – гэта рэальна, а вось тое, што яна з’явіцца – гэта хутчэй фантастыка. Таму што з’яўленне паўнавартаснай амерыканскай вайсковай базы – гэта зусім новы ўзровень эскалацыі напружанасці ў рэгіёне. Наўрад ці Вашынгтону цяпер цікава павышаць градус напружання», – кажа кіраўнік праекту BELARUS SECURITY BLOG Андрэй Паротнікаў.

Таму Вашынгтон прапаноўвае павысіць градус… Бруселю. Гэдэр Ноэрт, прадстаўніца дзярждэпартаменту ЗША:

«Урад Злучаных Штатаў заняў вельмі цвёрдую пазіцыю ў дачыненні падтрымання Украіны. Аднак мы б хацелі, каб іншыя краіны зрабілі больш».

Больш – значыць больш жорсткія эканамічныя абмежаванні ў дачыненні Масквы, на якія пакуль не наважыліся ні Нямеччына, ні Францыя. Зрэшты, у Белым доме Крамлю ясна далі зразумець – раней запланаваная сустрэча Доналда Трампа і Уладзіміра Пуціна на палях саміту «Вялікай дваццаткі» у Аргенціне можа не адбыцца.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фота: Mykola Lazarenko / Ukrainian Presidential Press Service / FORUM