Расея страціла чарговыя медалі, атрыманыя на Алімпіядзе ў Сочы

Працягваюцца допінг-скандалы вакол расейскіх спартсменаў. І як вынік – страта алімпійскіх медалёў, атрыманых у Сочы ў 2014-ым. Страцілі чарговыя два медалі біятланісткі Вольга Вілухіна і Яна Раманава. Іх дыскваліфікавалі пажыццёва. З подыума пераможцы Расея спусцілася на трэцяе месца. І гэтае падзенне можа працягнуцца.

Тады ніхто не думаў, што алімпійскія медалі расейскіх спартоўцаў акажуцца фэйкавыя. Цяпер такіх медалёў ужо дзевяць. І кожны з іх звязаны з выкарыстаннем допінгу.

«Я амаль не сумняваюся, што на самой справе допінг-пробы расейцаў пазітыўныя, таму што ім было неабходна выйграць тую алімпіяду», – кажа спартовы аглядальнік Алесь Пуціла.

Гэта можа быць толькі пачаткам скандалу. Нацыянальныя антыдопінгавыя агенцтвы 17 краінаў патрабуюць адхіліць Расею ад зімовых Алімпійскіх гульняў налета ў Карэі. А вось у Маскве ўва ўсёй гісторыі ўбачылі магчымасць змовы. Расейскія следчыя абвесцілі, што былы кіраўнік Маскоўскай лабараторыі мог падмяніць допінг-пробы. Рыгор Родчанкаў нібыта меў магчымасць дыстанцыйнага доступу. Цяпер жа ён жыве ў ЗША і завочна арыштаваны ў Расеі.

«Калі вы паглядзіце склад WADA, там аднабокае прадстаўніцтва. Там Вялікабрытанія, Францыя, ЗША. Там няма кітайцаў, рускіх, украінцаў, беларусаў, усходніх славянаў наагул няма, а амерыканцаў 40 адсоткаў. Я разумею, што арганізацыя знаходзіцца там, але суадносіны сілаў павінны быць роўныя, каб не было чутак», – кажа Сяргей Южык з газеты «Прессбол».

Менавіта паказанні Родчанкава сталі падставаю, каб незалежная камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) у 2015 годзе апублікавала даклад аб дзяржаўным падтрыманні выкарыстання допінгу ў расейскім спорце. І ў Маскве такога не даруюць.

«Мы сумленныя ў дачыненні допінгу. Прыводзілі прыклады пра нашых чэмпіёнаў Лягкова, Вылягжаніна, Петухова, што ў нас парушэнняў не было. А Родчанкава проста трэба за няпраўду расстраляць, як Сталін бы зрабіў», – ганаровы прэзідэнт Алімпійскага камітэту Расеі Леанід Цягачоў.

Але пакуль расстрэльваюцца допінгавыя медалі расейскіх спартоўцаў.

Па выніках агульнамедальнага заліку ў Сочы-2014 Расея звалілася з першага на трэцяе месца. Паводле новых зветак, яе апярэдзілі Нарвегія і Канада.

Для некаторых спартоўцаў, якія не трапілі на алімпійскі подыум, гэта азначае здабыццё алімпійскага тытулу. Гэтак, беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч перамясціўся з пятага на трэцяе месца ў марафоне на 50 кіламетраў. І атрымае алімпійскую бронзу праз тры гады пасля гульняў.

«Мне здаецца, тут палітыка замяшаная. Ніякіх тут допінгаў няма прама».

«З палітыкай гэта не звязана, таму што спорт – гэта вялікае свята, асабліва Алімпійскія гульні».

«Гэта і палітыка, дзесьці ідзе і на шкоду і Расеі».

«Узмоцнена ціснуць на адну краіну – гэта чыста палітычнае пытанне».

Лёс расейскіх спартоўцаў працягвае вырашацца. Ці паедуць яны ў лютым у Карэю, стане вядома праз некалькі дзён. А былы кіраўнік Маскоўскай лабараторыі Рыгор Родчанкаў кажа, што гатовы падаць новыя звесткі пра допінг і ў расейскім футболе. І лічбы могуць стаць рэкордам. Вось толькі не алімпійскіх дасягненняў, а ганьбы і дыскваліфікацыяў. І ўсё гэта напярэдадні Алімпіяды і Чэмпіянату свету па футболе. Апошні пройдзе налета ў Расеі.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама