Аб'ектыў 29.10.2018 Расея размесціць комплексы радыёэлектроннага падаўлення пад Вялейкай без беларускага дазволу


Расейская радыёэлектронная зброя з’явіцца пад Вялейкай – паводле запрашэння ці самавольна? Улады Беларусі ніяк не каментуюць інфармацыю аб размяшчэнні сакрэтнага комплексу «Самарканд» на нашай тэрыторыі. А расейцы абяцаюць біць памехамі па натаўскіх штабах.

Пра тое, што Расея размесціць комплексы радыёэлектроннага падаўлення «Самарканд» пад Вялейкай, беларусы даведаліся не ад галоўнакамандуючага, і не з Міністэрства абароны Беларусі, а з расейскіх газетаў. Пад гучнымі загалоўкамі: маўляў, войскі закрылі гэтым «Самаркандам» усю Расею і Беларусь. Інфармацыя зʼявілася з тэндара, апублікаванага на расейскай старонцы дзяржаўных закупак: комплекс працаў па дапрацоўцы, мантажу і падключэння комплексу «Самарканд» розных мадыфікацыяў да сістэмы перадачы інфармацыі Мінабароны Расеі. 13 вайсковых частак у Расеі і адна ў Беларусі.

«Расея лічыць, што гэта яе ўнутранае пытанне – размяшчэнне сваіх інсталяцыяў на абʼектах, на якія ў іх ёсць арэнда», – гаворыць Алесь Лагвінец, палітолаг, заснавальнік грамадскага аб’яднання «Дзея».

Расея арандуе ў Беларусі 2 вайсковых установы: радыёлакацыйную станцыю «Волга» каля Ганцавічаў – каб фіксаваць запуск балістычных ракетаў; і 43-ці вузел сувязі Ваенна-марскога флоту «Вялейка», праз які Масква звязваецца з атамнымі субмарынамі ў Атлантыцы ды іншых акіянах. Якраз пад Вялейкай да лістапада наступнага года расейцы мусяць скончыць устаноўку свайго «Самарканда». Рэакцыі афіцыйнага Менску дагэтуль няма. А менчукі не могуць паверыць, што гэта адбываецца без дазволу:

«У нас свая краіна, свае законы. Навошта нам чужое войска? У нас свае ўзброеныя сілы».

«Нават калі яны размяшчаюць гэта на сваіх базах, гэта тэрыторыя Беларусі. Дазвол мусяць пытаць па-любому».

«Гэта ваенная тэхніка, можа выклікаць ваеннае становішча».

Сродкі радыёэлектроннай барацьбы вядомыя ад зʼяўлення радыё ў войску. Сёння яны дазваляюць не толькі перашкаджаць сувязі праціўніка, але нават збіваць авіяцыю ці ракеты. Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік, тлумачыць:

«Перш за ўсё, яны засякаюць крыніцу радыёэлектроннага выпраменьвання, ці то радыёсувязь, ці то радыёлакатар, ці бартавы лакатар самалёта, беспілотніка, крылатай ракеты. Потым вызначаюць частату і накіроўваюць на яе моцную хвалю, якая заглушае».

Але як працуе сакрэтная станцыя «Самарканд», якая паступіла на ўзбраенне расейскага флоту толькі летась, пакуль невядома. І калі яна дастаткова магутная і мае шырокі радыус дзеяння, то ператвараецца з абарончай у наступальную зброю. Расейскія эксперты ўжо абяцаюць, што комплекс «Самарканд» зможа ўдарыць па генеральных штабах НАТА, і ператварыць альянс – цытата – у войска дзікуноў. Максім Шапаваленка, Цэнтр аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў, Масква:

«Хутчэй за ўсё, «Самарканд» – сродак аператыўна-стратэгічнага значэння… Гэта сістэма РЭБ для падаўлення сродкаў кіравання і сувязі праціўніка ў звяне аб’яднанага камандавання… Гэта сур’ёзная цацка, не тактычная пукалка нейкая, а сродак найвышэйшага звяна».

Такая рыторыка з боку Расеі яшчэ і псуе імідж Беларусі перад суседзямі, якім Масква пагражае то ядравай зброяй, то кібератакамі. Алесь Лагвінец, палітолаг, заснавальнік грамадскага аб’яднання «Дзея»:

«Такія ўкідванні могуць быць вельмі прадуманымі з расейскага боку. І па сутнасці, мы маем абʼект, на які існуе дамоўленасць да 2021-га года, і расейцы будуць казаць, што дзейнічаюць паводле дамоўленасцяў».

Праўда, раней расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу ўжо рабіў заявы аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай авіябазы. Потым аказалася, што паспяшаўся.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары