Расея навяла крылатыя ракеты на краіны НАТО


Дамова пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і меншай дальнасці, падпісаная кіраўніком СССР Міхаілам Гарбачовым і прэзідэнтам ЗША Роналдам Рэйганам у 1987-ым годзе, фактычна паклала канец халоднай вайне.

Роўна праз 30 гадоў пасля гістарычнага пагаднення Амерыка абвінавачвае Расею як пераемніцу Савецкага Саюзу ў парушэнні абавязкаў. Крэмль, згодна з звесткамі ЗША, зноў разгортвае сістэму крылатых ракетаў.

«Гэтая сістэма ўяўляе рызыку большасці нашых аб’ектаў у Еўропе, і мы мяркуем, што расейцы адмыслова разгарнулі яе, каб стварыць пагрозу НАТО і аб’ектам у зоне адказнасці альянсу», – заявіў Пол Сэлва, генерал войскаў у ЗША.

Заява генерала пацвердзіла публікацыі выдання «New York Times»

У лютым выданне, са спасылкаю на крыніцы ў адміністрацыі ЗША, паведаміла пра поўнае разгортванне Расеяй падраздзялення крылатых ракетаў, якія падпадаюць пад умовы пагаднення.

Крэмль катэгарычна зняпраўджвае гэтыя закіды.

Пра парушэнне Масквою дамовы пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і малой дальнасці ўпершыню загаварылі яшчэ ў жніўні 2015-га. Тады, паводле інфармацыі Дзяржаўнага дэпартаменту, Расея правяла першыя выпрабаванні звышсучаснай крылатай ракеты наземнага базавання.

Адказ не прымусіў доўга чакаць

Яшчэ пасля анексіі Крыму войска НАТО значна павялічыла сваю актыўнасць ува Усходняй Еўропе, каб гарантаваць бяспеку сваім хаўруснікам. Гэтымі днямі больш як дзве тысячы амерыканскіх жаўнераў і 8 верталётаў – на вучэннях у Румыніі.

Усё больш вострыя стасункі на лініі Масква – Вашынгтон зробяцца выклікам для новага амбасадара ЗША ў Расеі. На гэтую пасаду Доналд Трамп намінаваў былога губернатара штату Юта Джона Гантсмэна, кандыдатуру якога цяпер мае зацвердзіць кангрэс. Цікава, што Гантсмэн, які ў 2012-ым годзе сам балатаваўся на пасаду прэзідэнта, раней выступаў супраць палітыкі «перазагрузкі» паміж ЗША і Расеяй.

Ігар Віняўскі, «Белсат», фота: nationalinterest.org