Расея і Турцыя – за крок ад вайны


Авіяўдары і тысячы ўцекачоў. Прэзідэнт Турцыі Эрдаган помсціць за смерць больш як трыццаці жаўнераў, якіх атакавалі саюзнікі Расеі. Ці абрынецца помста Анкары на Крэмль і ці варта чакаць расейска-турэцкай вайны? Высвятляў Аляксандр Папко.

309 жаўнераў асадаўскай арміі забітыя – пра вынікі авіяўдараў адсправаздачыўся турэцкі ўрад. Анкара помсціць за смерць 33 вайскоўцаў, якія загінулі падчас авіяналёту сірыйскага рэжыму. І вінаваціць Расею.

«Напад адбыўся нягледзячы на тое, што мы загадзя ўзгаднілі размяшчэнне нашых войскаў з расейскімі прадстаўнікамі ў Сірыі. На жаль, атакі працягваліся нават пасля таго, як мы паведамілі ім, пасля першага ўдару па нас», – заявіў міністр абароны Турцыі Хулусі Акар.

За люты ў Сірыі загінулі ўжо 54 турэцкія жаўнеры. Адказаць на іхную смерць прыгразіў турэцкі прэзідэнт Эрдаган. Каб падтрымаць Башара аль-Асада, Масква выслала ў Міжземнае мора фрэгаты «Адмірал Макараў» і «Адмірал Грыгаровіч». На іх борце – крылатыя ракеты з радыусам дзеяння паўтары тысячы кіламетраў. Ці чакае нас расейска-турэцкая вайна?

«Абодва бакі будуць нанасіць адзін аднаму ўдары, але пасля гэтага – адразу ўступаць у перамовы і дэклараваць: «гэта не мы», або «нас не так зразумелі», або «гэта іншы бок вінаваты». І ў той жа час быць у пастаянных перамовах», – прагназуе эксперт кіеўскага Цэнтру Блізкаўскодніх даследаванняў Сяргей Данілаў.

Наступ арміі Асада на турэцкія войскі ў Ідлібе парушае пагадненне аб буфернай зоне на поўначы краіны, якое Пуцін і Эрдаган падпісалі ў верасні ў Сочы. Гэтая зона мела аддзяліць расейскія ды асадаўскія войскі ад сірыйскіх паўстанцаў і турэцкай арміі, якая іх падтрымлівае.

Турцыя хоча кантраляваць курдаў, якія кампактна жывуць на поўначы. Туды ж Анкара плануе перасяліць уцекачоў, якіх у Турцыі ўжо 4 мільёны. Акрамя таго, Эрдаган хоча падняць свой міжнародны аўтарытэт і прадэманстраваць сілу.

Сілу дэманструе і Уладзімір Пуцін. Пры дапамозе сірыйскіх падзеяў ён падымае свой прэстыж сярод аўтакратаў, а таксама шантажуе Захад. Ад волі Масквы залежыць, ці спыніцца вайна, а разам з ёй – хваля бежанцаў у Еўропу. Патрулі на мяжы з Турцыяй узмацняюць Балгарыя і Грэцыя. Прычына – гэтыя кадры турэцкіх медыяў. Сотні ўцекачоў ужо мінулі турэцкую мяжу. Наступ Асада ў Ідлібе зрабіў бежанцамі амаль мільён чалавек. Эрдаган не раз пагражаў, што перастане спыняць іхны рух у Еўропу.

«Турэцкія ўлады афіцыйна пацвердзілі, што не змяняюць сваёй міграцыйнай палітыкі, не змяняюць сваёй пазіцыі. Мы спадзяемся, што так і будзе далей, што Турцыя працягне выконваць свае абавязкі, якія вынікаюць з дамовы з Еўрапейскім Звязам», – заявіў прэс-сакратар кіраўніка Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стана.

Ідліб – гэта апошні бастыён антыасадаўскай апазіцыі. Далей на поўнач застаюцца толькі курды. Яго падзенне стане, па сутнасці, канцом вайны.

«Многія лічаць, што перамога Асада і ягоных саюзнікаў – Тэгерану і Масквы – гэта неаспрэчны факт. Трэба дамаўляцца, вяртаць амбасады, заключаць гандлёвыя дамовы», – канстатуе Сяргей Данілаў.

«Прыняць дадатковыя захады, каб нармалізаваць сітуацыю» паабяцалі ў тэлефоннай размове Рэджэп Эрдаган і Уладзімір Пуцін. Каб не нішчыць сваіх арміяў, кіраўнікі Расеі ды Турцыі могуць сустрэнуцца асабіста.

Аляксандр Папко, «Белсат»