Расея фінансуе праекты, створаныя для пазбаўлення Беларусі незалежнасці


Ад інфармацыйнай вайны ў бок гібрыднай агрэсіі. Даследаванне міжнароднай экспертнай сеткі «iSANS» сведчыць пра пашырэнне фінансавання Масквой праектаў, што ўплываюць на грамадскае меркаванне ды нясуць пагрозу нашае незалежнасці.

Тое, што адбывалася ў Крыме і ва ўсходняй частцы Украіны яшчэ ў 2013-ым, цяпер адбываецца і ў Беларусі. Актыўны ціск з боку Расеі нарастае, і за апошнія месяцы набыў характар, блізкі да «гібрыднае вайны». Такую выснову мае справаздача міжнароднай экспертнай сеткі «iSANS». Сістэма расейскага ўплыву на Беларусь каардынаваная з аднаго цэнтру, сцвярджаюць эксперты.

«Сёння гэтая сістэма і ў медыях, і ў сацыяльных сетках, і ў арганізацыях вельмі разгалінаваная ў Беларусі, вельмі добра фінансаваная праз расейскія фонды, такія, як «Россотрудничество», фонд Горчакова, фонд «Русский мир». Таксама Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва, грантавая праграма прэзідэнта Расеі, праз амбасаду ў Менску», – падсумоўвае выканаўчы дырэктар Міжнароднай экспертнай сеткі «iSANS» Уладзімір Кобец.

Пад выглядам наладжвання культурных сувязяў ідзе стварэнне арганізацыяў лаяльных Маскве людзей. Іх знаёмяць з досведам «Русской весны» ва Украіне, вучаць наладжваць сувязі. Беларускіх школьнікаў масава вывозяць у Расею, дзе баевікі ДНР і ЛНР – кшталту Аляксея Мільчакова – вучаць іх абыходзіцца са зброяй ды выбухоўкай «во славу русского оружия».

«Мы глядзім на генезіс гэтых людзей. Ён прыводзіць нас да неанацысцкіх груповак, дзе яны пачыналі сваю актыўнасць. Той жа Аляксей Качаткоў (расейскі паліттэхнолаг) быў рэдактарам «Русского порядка», газета фашысцкая, і здымак са свастыкай вельмі паказальны», – каментуе Уладзімір Кобец.

Справаздача «iSANS» – дакумент на сотню старонак – паказвае даследаванне як відавочнай палітычнай дзейнасці Крамля, гэтак і інфармацыйнага ціску на беларусаў праз інтэрнэт. Сайты медыяў рознай формы ўласнасці, ананімныя тэлеграм-каналы і суполкі ў сацсетках пішуць у адным ключы: інтэграцыя непазбежная, Беларусь слабая і несамастойная, а беларусы ўжо не братэрскі народ, а такія ж «рускія». Прапагандысцкія рэсурсы, што пісалі пра Украіну і Сірыю, дадалі асобныя рубрыкі пра нашую дзяржаву, да таго ж за апошнія два гады з’явіліся каля 15 сайтаў, якія пішуць выключна пра Беларусь.

«У анлайн-сферы зʼявіўся тузін сайтаў, якія пастаянна, на рэгулярнай аснове, пішуць розныя прапагандысцкія штампы, аспрэчваюць існаванне беларусаў, як асобнага народа, аспрэчваюць існаванне беларускай мовы, апаганьваюць нацыянальных герояў і важныя гістарычныя падзеі», – тлумачыць дырэктар Аналітычнага цэнтру EAST Андрэй Елісееў.

Цэнтры расейскага ўплыву, якія на Захадзе называюць «фабрыкамі троляў», наймаюць аўтараў, якія маскуюцца пад беларусаў. Таксама расейцы купляюць у рэгіянальных старонак правы на тэматычныя публікацыі або рэкламу.

«Створаная сетка рэгіянальных сайтаў, дзе камбінуюцца нейтральныя матэрыялы пра мясцовыя падзеі з антыбеларускімі матэрыяламі», – распавядае Андрэй Елісееў.

Яскравы прыклад інфармацыйнага ціску Масквы на Менск – публікацыя газетаю «Коммерсантъ» праекту праграмы для стварэння Саюзнай дзяржавы, падпісанай прэм’ер-міністрамі Мядзведзевым і Румасам. Пад выглядам зліву інфармацыі праўладная газета надрукавала ўласны пераказ праекту з уласнымі ацэнкамі – пра нібыта эканамічную канфедэрацыю з Расеяй.

«Гэта прыгожая інфармацыйная правакацыя, зробленая паводле ўсіх законаў жанру. Адчуваецца рука майстра», – ацэньвае справу галоўны рэдактар «REFORM.BY» Фёдар Паўлючэнка.

Кіраўніцтва Беларусі на абурэнне грамадзянаў адказала не афіцыйнаю публікацыяй праграмы, а абяцаннем, што інтэграцыя не пашкодзіць нашай незалежнасці.

«Калі ёсць такая спрэчная тэма, якая ўзрушае грамадства, то ўлады мусяць першымі рэагаваць, нават не рэагаваць, а падзяліцца падрабязнасцямі, навязаць уласную павестку», – тлумачыць Фёдар Паўлючэнка.

Выснова «iSANS» – расейскае ўздзеянне супраць беларускага грамадства ды эканамічны ціск на кіраўніцтва Беларусі будзе ўзрастаць перад парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі, а задачу паглынання Беларусі крамлёўскія стратэгі хочуць вырашыць максімум да 2024 года.

Яраслаў Сцешык belsat.eu