Расея адмаўляецца ад долара?


Чым для Расеі павернецца адмова ад долара? Прыклад краінаў, якія ў той ці іншай форме ўжо адмовіліся ад разліку ў доларах, наводзіць на сумныя думкі. Іран, ізаляваны ад паловы свету, Венесуэла, дзе спынілі выпуск грошай, бо папера, на якой іх друкуюць, каштуе даражэй за самыя наміналы. Каму выгадна штурхаць Расею ў гэты сумнеўны клуб?

Дзмітрый Пракоф’еў, эканаміст, Санкт-Пецярбург:

«Нават калі дапусціць, што пакупнікоў расейскіх вуглевадародаў абавяжуць разлічвацца ў рублях, яны пойдуць і набудуць іх у буйных міжнародных банках. Аплоцяць камісію і падзеляцца гэтаю камісіяй з расейскімі дзяржаўнымі банкірамі. Вось і ўсё. Адзіны, хто на гэтым заробіць, – гэта расейскія банкіры ад канвертацыі грошай».

Ананімныя крыніцы ў расейскім урадзе распавялі выданню «The Bell», што ніякай забароны на разлікі ў доларах не будзе. Стаўка будзе зробленая на стварэнне магчымасцяў для разлікаў у нацыянальных валютах: юані, еўры і рублі, у абыход долара. З упорам на працу ўнутры Мытнага саюзу.

У Масквы ўжо ёсць досвед працы з юанем. Цэнтрабанк Расеі другі год запар нарошчвае золатавалютавыя рэзервы, набываючы гэтую валюту. Доля юаня ў расейскіх ЗВР адпавядае 5 %, або 23 млрд долараў. Толькі вось нестабільнасць кітайскай валюты прывяла за гэты час да стратаў Цэнтрабанку памерам 4,5 мільярда долараў летась і ўжо больш як да двухмільярдавых стратаў сёлета. Але, можа, гэткім чынам плануецца пакараць Вашынгтон? Дзмітрый Пракофʼеў, эканаміст, Санкт-Пецярбург:

«Усе расейскія валютавыя аперацыі за год – гэта 360 мільярдаў долараў, а сусветны валютавы рынак гэта за 5 трыльёнаў долараў на дзень! Нават калі ўсе эканамічныя адносіны Расеі не толькі ў межах Мытнага саюзу перавесці ў рублі, то гэта менш за 0,02 %. Свет гэтага не заўважыць наагул».

Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса, Менск:

«Амерыканцам ад такога рашэння ні холадна, ні горача. Бо менавіта долар застаецца самаю стабільнаю валютай. І кітайскі юань і рубель, і арабскія валюты слабейшыя за долар і нясуць больш рызыкі».

Менавіта долар – гэтак званая «ціхая гавань» для любых інвестараў у крызісныя часы. Долары складаюць 62 % рэзерваў цэнтральных банкаў ува ўсім свеце і гэта разліковая валюта ў 81 % усіх міжнародных угодаў. Доля юаня – меншая за 2 %. Расейскую валюту ліхаманіць не менш за кітайскую. Два тыдні таму рубель перажыў рэзкае падзенне кошту. Еўразона змагаецца са сваймі рызыкамі ў выглядзе Італіі ды Грэцыі. Брытанскі фунт здзімаецца напярэдадні брэкзіту. Ці не ляжа ў гэтых умовах рашэнне Масквы дадатковым цяжарам на плечы суседзяў з Мытнага саюзу? Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса, Менск:

«Расейскі бізнес і людзі могуць тады рабіць унёскі ў доларах у нашай краіне. Гэта можа стварыць попыт на беларускую банкаўскую сістэму, і гэта вельмі добра. Чым больш глупстваў яны робяць, тым больш нам трэба ствараць умовы для таго, каб людзі з інвестыцыямі ды капіталамі прыходзілі ў Беларусь».

Крэмль усяляк імкнецца паменшыць наступствы заходніх, а, сярод іншага, амерыканскіх санкцыяў на эканоміку Расеі. Але пакуль што мацней за ўсё па расейцах бʼюць менавіта антысанкцыі, якія прымаюць у Крамлі. Вось як бы і з гэтаю антыдолараваю ініцыятывай не выйшла так гэтаксама, як у Гогаля з унтэр-афіцэрскаю ўдавой, якая самая сябе высекла.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: Nati Shohat / Flash 90 / FORUM