Аб'ектыў 05.05.2019 Расейца з відам на жыхарства дэпартуюць з Беларусі ў нікуды


Новая высылка ў нікуды. Буда-Кашалёўская міліцыя загадала пакінуць краіну грамадзяніну Расеі, для якога Беларусь – адзіны дом. Як праз адміністрацыйнае правапарушэнне чалавек можа страціць сям‘ю ды ўсё нажытае?

Рашэнне пра высылку з Беларусі для 38-гадовага жыхара вёскі Губічы Буда-Кашалёўскага раёну Уладзіміра Траўтэра стала нечаканасцю. Нягледзячы на свой расейскі пашпарт, сваякоў у Расеі Уладзімір не мае. Ягоная сям‘я пераехала да нас з Казахстану 26 гадоў таму.

«Я разумею, канешне, што закон жорсткі. Я парушыў яго, але так жорстка, я думаю, нельга», – кажа Уладзімір Траўтэр, жыхар вёскі Губічы.

На 5 гадоў выслаць Уладзіміра пастанавіў Буда-Кашалёўскі РАУС. 23 лютага аўтамабіль, якім кіраваў мужчына, спынілі працаўнікі ДАІ і выявілі ў кіроўцы астаткавы стан алкагольнага ап’янення. У выніку ва Уладзіміра забралі правы і аштрафавалі яго на 1275 рублёў. А потым з аддзелу грамадзянства і міграцыі прыйшло паведамленне пра тое, што да 9 траўня мужчына мусіць пакінуць краіну.

«Непаўналетняе дзіця… Я не ведаю, як я буду жыць. Тым больш, што ў мужа крэдыт. Я не ведаю, хто яго плаціць будзе», – скардзіцца Марына Траўтэр, жонка Уладзіміра.

«З гаспадаркай будуць праблемы. Не будзе ніякай дапамогі. Я непаўналетні, я грошай яшчэ не зарабляю», – адзначае Арцём Траўтэр, сын Уладзіміра.

Уладзімір Траўтэр 17 гадоў працуе ў мясцовым калгасе, абрабляе 70 сотак свайго гароду, гадуе свіней і курэй. Некалі трымаў двух коней, але затым замяніў іх сабраным сваймі рукамі трактарам.

Аднавяскоўцы стаяць за Уладзіміра гарой – нават збіралі подпісы з патрабаваннем не высылаць суседа.

«І гаспадарка ў іх, і гарод, і ўсё як трэба, і працаўнікі добрыя. І ўсё роўна – дэпартуюць! Ну як гэта так! Ну гэта страшна!»

«І ў будучыні не стане лепей нікому, калі ён зʼедзе – ні жонцы, ані сыну. Жонка і сын – грамадзяне Беларусі».

«Дружалюбны ён, камунікуе з усімі. Ні ў якім разе не трэба яго адсюль дэпартаваць. Хай жыве тут з сямʼёй».

«У яго тут сын расце. А што ён там будзе рабіць адзін?»

Сямʼя Траўтэраў звярнулася па дапамогу да незалежнага прафсаюзу РЭП. Тры месяцы таму ён адстаяў права жыць у Беларусі для ўкраінца Сяргея Працэнкі – бацькі траіх дзяцей.

«Калі гэтая пастанова ўраду, якой прыкрываюцца супрацоўнікі міліцыі, сапраўды дазваляе гэта рабіць за адно правапарушэнне, якое пасягае на грамадскі парадак (высылаць грамадзянаў, якія маюць від на жыхарства ў нашай краіне), то трэба мяняць гэтую пастанову!», – кажа Ленід Судаленка, праваабаронца.

Рашэнні РАУС аб высылцы замежных грамадзянаў за адміністрацыйныя парушэнні ўжо неаднойчы прыводзілі да трагедыяў. У снежні ў Лоеве звёў рахункі з жыццём грамадзянін Расеі Сяргей Барысаў. А ў студзені ў Буда-Кашалёве наклаў на сябе рукі расеец Віталь Кузьмянкоў. Пасля ягонай смерці сіротамі засталіся шасцёра дзяцей.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары