Расейскую вёску заатакавалі мухі


Жыхары вёскі Камышаўка, каб звярнуць увагу на праблему, здымаюць напад полчышчаў мух і выкладаюць жахлівыя кадры ў сеціва. На што злятаюцца непрыемныя інсекты?

Полчышчы інсектаў атакавалі вёску Камышаўку, што каля расейскага Чэлябінску. Мясцовая жыхарка Аігуль Галеева кажа:

«Немагчыма кожны дзень вымятаць такую колькасць мух са свайго дому. Удома дзеці. Гэтыя мухі паспяваюць залятаць у дом. А ўдома мы ямо, мы спім. Так немагчыма, абсалютная антысанітарыя. Мы баімся за здароўе сваіх дзяцей».

Вяскоўцы кажуць, што вымушаныя апырскваць дыхлафосам жытло чатыры разы за дзень, але дапамагае не заўжды. У нападзе інсектаў жыхары Камышаўкі вінавацяць птушкафабрыку, што побач. Кажуць, з яе вывозяць адкіды на поле – на пах мухі і ляцяць. Дырэктар птушкафабрыкі Аляксандр Кузюбердзін цісне плячыма – маўляў, усё ў межах закону:

«Ясна, што, мабыць, тут і паслужыла птушкафабрыка. Але ў мяне таксама мухі, і ў Вышаліна, і Дзербішаве. Таксама аром па плане. І апрацоўваем па плане. І вось на Дзербішава прыязджалі, правяралі, з пракуратураю, з «Распрыроднаглядам», як мы працуем. Нас пастаянна кантралююць».

Тым не менш вяскоўцы ўсё ж скіравалі лісты ў прыродаахоўную пракуратуру і спадзяюцца на яе дапамогу. Бо звароты да мясцовых уладаў вынікаў не далі.

Ян Вярбіцкі belsat.eu