Расейскія ўлады рыхтуюцца да жорсткай эканамічнай ізаляцыі


Заходнія кампаніі актыўна пазбаўляюцца ад расейскіх каштоўных папераў. Санкцыі ЗША, уведзеныя ў адказ на атручванне сям’і Скрыпалёў, сёння ўступілі ў дзеянне. Фінансавы сектар Расеі замёр у чаканні новай, другой хвалі абмежаванняў. Як амерыканскія санкцыі паўплываюць на расейскую эканоміку? І ці адаб’юцца яны на Беларусі?

«Урад Расейскай Федэрацыі ў парушэнне міжнароднага права выкарыстаў хімічную зброю супраць сваіх уласных грамадзянаў» – гэтак увядзенне новых санкцыяў супраць Расеі абгрунтаваў Дзяржаўны дэпартамент ЗША. Адпаведную пастанову амерыканскі ўрад прыняў 24 жніўня, а моц санкцыі набылі сёння.

«У Расеі ўзнікаюць праблемы з пастаўкамі ўзбраенняў на знешнія рынкі […] Ёсць рызыка згубіць буйныя замовы ад 3 да 5 мільярдаў. Гэта сурʼёзны ўдар. Ад траціны да паловы замоваў на знешнія рынкі могуць быць сарваныя. Але паўтаруся, што галоўны ўдар прыйдзецца па простых расейцах, па падаткаплатніках» – каментуе сітуацыю эканаміст з Масквы Уладзіслаў Жукоўскі.

Закон 1991 года аб нераспаўсюджанні хімічнай і біялагічнай зброі паслужыў падставаю пакараць Расею за выкарыстанне газу «Навічок» у Вялікай Брытаніі. Вашынгтон забараніў выдаваць Расеі крэдыты, а таксама прадаваць тавары і паслугі для расейскага абароннага сектару. Ад Масквы патрабуюць спыніць распрацоўванне хімічнай зброі і дапусціць на хімічныя заводы міжнародных інспектараў.

Калі гэта не будзе зроблена, ужо праз тры месяцы прэзідэнт ЗША можа ўвесці яшчэ больш жорсткія санкцыі.

Імавернасць такога сцэнару вельмі высокая. Расейскія ўлады даўно рыхтуюцца да жорсткай эканамічнай ізаляцыі ды назапашваюць грошы – кажа эксперт. Паводле меркавання эканаміста Уладзіслава Жукоўскага:

«Рост абкладанай падаткам базы прывядзе да таго, што ў бліжэйшыя гады з кішэні расейцаў і бізнесу забяруць 3,7–4 трыльёны рублёў. Плюс павышаюцца рознага кшталту дзяржаўныя спагнанні і акцызы на паліва, алкаголь, тытунёвую прадукцыю, праводзіцца падатковы манеўр у нафтавай галіне».

Дабрабыт генералаў, чыноўнікаў і нафтавікоў ад амерыканскіх санкцыяў не пацерпіць – пераконвае эксперт. Войска жыве за кошт падаткаў. А вось тыя, з каго падаткі збіраюць, – то бок звычайныя грамадзяне – пабяднеюць.

Другая хваля санкцыяў запаволіць не толькі расейскую эканоміку.

«Калі будзе забарона на набыццё расейскай дзяржаўнай пазыкі, калі будзе ўведзеная забарона на супрацу амерыканскіх банкаў з расейскімі дзяржаўнымі банкамі, то гэта будзе балючы ўдар па расейскай эканоміцы і гэта можа адбіцца на нашай эканоміцы» – лічыць фінансавы аналітык Вадзім Іосуб (Менск).

У пачатку жніўня, калі стала вядома пра рыхтаванне новых санкцыяў супраць Крамля, расейскі рубель упаў адносна долара да самай нізкай за апошнія гады адзнакі. Падзенне расейскага рубля робіць беларускую прадукцыю менш прывабнаю на ўсходнім рынку. Плацежаздольны попыт расейцаў таксама падае. Аднак ці змогуць беларускія вытворцы знайсці новыя рынкі?

«Трэба адпавядаць еўрапейскім стандартам, трэба атрымліваць адпаведныя сертыфікаты, трэба адпавядаць суадносінам цана – якасць. Трэба жорстка канкураваць, займацца маркетынгам – а гэта тое, чаго большасць нашых дзяржаўных прадпрыемстваў у прынцыпе не ўмее» – прыходзіць да высновы эксперт Вадзім Іосуб.

Беларускае кіраўніцтва ўжо больш за 10 гадоў заяўляе пра тое, што залежнасць ад расейскага рынку небяспечная. Пры гэтым прадпрыемствы па-ранейшаму застаюцца ў дзяржаўных руках і па-ранейшаму вырабляюць прадукцыю ў надзеі, што Лукашэнка дамовіцца з Пуціным і прадасць яе ў Расею. Крэмль жа, відавочна, зварочваць з курсу на міжнародную ізаляцыю не збіраецца.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота Reuters