Расейскія медыі спекулююць на здароўі Лукашэнкі


Некалькі дзён запар імя кіраўніка Беларусі не з’яўлялася на старонках дзяржаўных выданняў. Не фігуравала асоба Лукашэнкі і ў тэлеэфіры. Раптоўнае знікненне надоўга без увагі не засталося: расейскія медыі кінуліся паведамляць пра вострыя супярэчнасці Менску і Крамля ды пра цяжкую хваробу кіраўніка Беларусі.

Хто і навошта распаўсюджвае такую інфармацыю, і ці варта ёй верыць? Высвятляў Аляксандр Папко.

Пасля кароткага перапынку Аляксандр Лукашэнка з’явіўся на экранах тэлевізараў. З кіраўніком Менскага аблвыканкаму ён абмяркоўваў жніво – паведамілі дзяржаўныя медыі.

Кіраўнік Беларусі знік з інфармацыйнай прасторы ўсяго на два дні. Але перад гэтым нечакана адмяніў візіт у Гомель, да якога энергічна рыхтаваліся камунальныя службы.

Учора ўвечары ў каментары расейскаму дзяржаўнаму агенцтву ТАСС прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі зняпраўдзіла чуткі пра тое, што Лукашэнка цяжка хварэе на дыябет.

«Магу адказаць на гэта толькі словам «трызненне», – заявіла Наталля Эйсмант.

Аляксандр Лукашэнка знікае з экранаў тэлевізараў не ўпершыню, аднак упершыню гэтым больш зацікавіліся не дома, а ў Расеі. Дачыненні Масквы і Менску відавочна халаднеюць, таму хваля чутак можа быць запушчаная Крамлём адмыслова, лічаць эксперты.

«Гэтае ўкідванне можна ацэньваць як інфармацыйную атаку, мэта якой – пратэставаць рэакцыю беларускага грамадства, перш за ўсё наменклатуры і часткі сілавікоў, на інфармацыю аб недзеяздольнасці кіраўніка дзяржавы, вярхоўнага галоўнакамандуючага», – адзначыў Арсень Сівіцкі з Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

Чуткі пра цяжкую хваробу Лукашэнкі распаўсюдзіў тэлеграм-канал «Незыгарь», уладальнікам якога расейскія журналісты называюць акурат генеральнага дырэктара агенцтва ТАСС Сяргея Міхайлава. Канал пазіцыянуе сябе як «інсайдарскі». Ён папулярны сярод чыноўнікаў і журналістаў. У апошнія месяцы «Незыгарь» пачаў публікаваць сенсацыі з беларускай закулісы.

Давяраць нібыта інсайдарскім звесткам з Масквы не варта – гэта даказаў блогер Эдуард Пальчыс. Гэта ён выслаў ананімны мэйл з фантастычнай гісторыяй аб сувязях міністра замежных справаў Беларусі з Зянонам Пазняком. Псеўдасенсацыю канал апублікаваў імгненна, не правяраючы.

«Я сам здзівіўся наколькі гэта проста і тупа. Відаць, што ім далі загад пісаць пра Беларусь, а яны за паўтара года ніколі пра Беларусь не пісалі. І раптам гэтым летам яны пачынаюць кожны дзень нешта посціць», – заўважыў Эдуард Пальчыс.

Расейская інфармацыйная зброя недастаткова моцная, каб пахіснуць уладу Лукашэнкі, перакананыя некаторыя эксперты. Інфармацыйных укідаў не варта недаацэньваць, але і не варта ад іх панікаваць.

«А які поспех ад такіх атакаў? Караван ідзе, сабака брэша. Прынцыпова ні на што гэта не паўплывае», – заявіў палітолаг Сяргей Нікалюк.

Нашыя суразмоўцы мяркуюць, што інфармацыя пра хваробу Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, акажацца «качкай». Як не трапіць на кручок маніпулятараў? Правярайце інфармацыю і жывіце ў беларускай інфармацыйнай прасторы, раяць эксперты. Беларускія журналісты ведаюць сваю краіну лепш, чым псеўдаінсайдэры з Масквы.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА