Расейскія медыі апублікавалі відэа допыту забойцы Нямцова


Працэс у справе забойства Барыса Нямцова набліжаецца да заканчэння. Падсудныя працягваюць адмаўляць датычнасць да злачынства, выстаўляючы наўзамен новыя версіі таго, хто мог стаяць за смерцю вядомага апазіцыйнага палітыка.

Гэтак, адзін з фігурантаў гучнага працэсу – Заур Дадаеў – учора ў судзе намякаў на след Кіева ў гэтае справе, маўляў, не абышлося без Службы бяспекі Украіны. Але яшчэ паўтара года таму ён казаў зусім іншае.

Кадры з допытамі Дадаева ды іншага абвінавачанага Анзора Губашова з папярэдняга следства апублікавалі расейскія выданні «Камерсант» і «Новая газета». Мужчыны ў падрабязнасцях распавядаюць пра сачэнне за Барысам Нямцовым, рыхтаванне да забойства і пра матывы злачынства. Дадаеў кажа, што выканаў 6 стрэлаў у спіну палітыка дзеля Алаха за тое, што Нямцоў распаўсюджваў карыкатуры на прарока Мухамэда. Губашоў, апроч рэлігіі, узгадвае і пра абразы на адрас Уладзіміра Пуціна – яго ён называе «руководітелем».

Калі паверыць гэтым відэазапісам, то атрымліваецца, што група з шасці асобаў арганізавалася сама сабою, знайшла сродкі на 50-ці дзённае сачэнне за Барысам Нямцовым і здзейсніла забойства паводле рэлігійных матываў. Атрымліваецца вельмі зручная сітуацыя, адзначаюць некаторыя адмыслоўцы. У першую чаргу для людзей, блізкіх кіраўніку Чачэніі, – Рамзану Кадыраву, след якіх таксама ёсць у гэтае справе. Зручна і для суда, на якім усе пытанні адвакатаў пра замоўцаў і матывы злачынства проста здымаюцца.

Цяпер у судзе Дадаеў кажа, што прызнальныя паказанні з яго выбілі пад ціскам і катаваннямі. Ці павераць у гэтую версію прысяжныя, якія таксама глядзелі гэты відэазапіс, будзе вядома ўжо неўзабаве.