Расейскі рубель цягне на дно беларускі


Расейскі рубель спаўзае ў чорную дзіру, а за сабой цягне і беларускі. Курс еўра ў нашай краіне ўстанавіў новы гістарычны рэкорд. Заўважна падаражэў долар. І хаця ўлады і ў Менску, і ў Маскве спрабуюць паказваць халодную кроў, гульні на фінансавых рынках выглядаюць вельмі горача.

Дзмітрый Мядзведзеў рапартуе кіраўніку Расеі: «Агулам сітуацыя ў эканоміцы абсалютна стабільная. Макраэканамічныя паказнікі перабываюць на нармальным узроўні». Мядзведзеў перад Уладзімірам Пуціным – нібы ў галоўных ролях тэатру абсурду. Бо ўсё нармальна і стабільна – а расейскі рубель панічна абвальваецца. Разам з ім з пачатку тыдня (- 6 %) і беларускі.

«Калі б пакупніцкая здольнасць беларусаў рэзка вырасла ў сувязі з дэвальвацыяй, непрапарцыйнай расейскаму рублю, то беларусы кінуліся б у Расею купляць машыны, тэхніку – усё тое, што стала б для іх параўнаўча танней. У выніку, выцекла б шмат валюты – і беларускі рубель усё роўна апусціўся б», – мяркуе эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Такая рэакцыя на санкцыі

У Нацбанку кажуць, што ў сітуацыю не ўмешваюцца. І ўсё складаецца на законах рынку. Абвалам фінансавыя рынкі Расеі, а следам – і Беларусі рэагуюць пасля ўвядзення амерыканскіх санкцыяў супраць найбуйнейшых расейскіх бізнесоўцаў, якія страцілі ажно 16 мільярдаў долараў. А таксама з прычыны геапалітычнага напружання ў Сірыі ды чакання магчымых новых санкцыяў.

Паводле курсу Нацбанку, з панядзелка долар вырас больш чым на пяць адсоткаў, еўра – больш за шэсць з паловаю, а расейскі рубель абваліўся на пяць. І таму сённяшнія курсы выглядалі гэтак.

І нават калі падаецца, што нас дэвальвацыя не датычыць, гэтая думка можа развеяцца пры візіце ў краму. Бо закупы пастаўшчыкоў прывязаныя да валюты. У суседняй Расеі ўжо папярэджваюць.

«З-за паслаблення курсу рубля ў перспектыве можа адбыцца карэкціроўка коштаў на бытавую тэхніку і электроніку, пастаўнікі ўжо пачалі папярэджваць пра магчымы перагляд коштаў на 5–10 %», – кажа прадстаўніца сеткі крамаў электронікі «Эльдарада» Юлія Заўялава.

Беларусы наступныя

І калі беларускі рубель рэагуе на калізіі расейскага валютавага рынку, відавочна, што наступствы можна чакаць і беларускаму спажыўцу.

«Можна сказаць, што пакупніцкая здольнасць беларусаў, хутчэй за ўсё, знізіцца і застанецца зніжанай у сярэднетэрміновай перспектыве», – лічыць Станіслаў Івашкевіч.

На дзяржаўным узроўні пераконваюць, што пажару няма. Хоць сёння зранку на Маскоўскай біржы курс еўра вырас упершыню за два гады да 80 расейскіх рублёў. Таму пытанне пра пагрозу фінансавае стабільнасці натуральнае.

«Цяпер такіх рызыкаў няма, няма неабходнасці прымаць нейкія сістэмныя захады. Безумоўна, мы будзем адсочваць сітуацыю. Пры неабходнасці ўводзіць некаторыя магчымыя карэктывы», – кажа старшыня Цэнтрабанку Расеі Эльвіра Набіуліна.

Як Цэнтрабанк Расеі ўводзіць карэктывы, добра бачна на няспынным падзенні рубля і росце цэнаў. Беларусь жа ў эканамічным саюзе з Масквою, то і кошт гэтых абдымкаў ды пацалункаў убіваецца ў кожнага з нас.

Сяргей Падсасонны, «Белсат». Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM