Аб'ектыў 21.03.2017 Расейскі бок падставіў спявачку ў інвалідным вазку


Усе чакалі выбару кампраміснай фігуры, каб «Еўрабачанне» не ператварылася ў скандал. Але Расея выбрала сваёй прадстаўніцаю Юлію Самойлаву, якая парушыла законы Украіны і цяпер там ёй можа пагражаць пакаранне. Украінскі бок перад няпростым выбарам: закон адзін для ўсіх, але калі паступіць паводле яго, разразіцца міжнародны скандал.

Для Еўропы – конкурс забаўляльны, для постсавецкіх краінаў – палітычны.

«Балем падчас чумы» называлі правядзенне сёлетняга «Еўрабачання» ў Кіеве расейскія медыі. Ды і ўвогуле краіна, паводле іх небяспечная: маўляў, бандэраўцы толькі і чакаюць магчымасці вытрасці з чалавека расейскую душу. Меркавалася, што Расея сёлета папросту будзе байкатаваць кіеўскую імпрэзу, бо вельмі доўга не называла свайго прадстаўніка.

«Полымя палае» – гэтак называецца песня, з якою мае выступіць расейская канкурсантка Юлія Самойлава.

Неўзабаве запалалі і палітычныя жарсці

Украінскі бок яшчэ летась папярэджваў, што калі Расея абярэ спевака з санкцыйнага спісу, яго не пусцяць у краіну. Масква ж зрабіла насуперак Кіеву – выбрала менавіта тую ўдзельніцу, якая парушыла ўкраінскі закон.

За парушэнне ў 2015 годзе ўкраінскай дзяржаўнай мяжы Служба бяспекі падрыхтавала дакумент аб забароне ўезду ў краіну Юліі Самойлавай.

«Яна не проста наведала Крым, яна пакінула сляды ў сацыяльных сетках, дзе выказвалася пра Украіну, яе ўладу, абраны курс на еўраатлантычную інтэграцыю. Мая пазіцыя ясная: я лічу, што яна не мусіць прыязджаць ва Украіну«, – зазначыў кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак.

Падрыхтаванаму ў СБУ дакументу аб забароне ўезду яшчэ не далі ходу. Шмат хто з украінцаў мяркуе, што спявачцы трэба дазволіць прыехаць.

«Запрасіць яе ўва Украіну, дазволіць заехаць, каб яна адпавядала паводле ўкраінскіх законаў. Ёй можа пагражаць ад 1 да 3 гадоў пазбаўлення волі. Ёсць іншае меркаванне, што яе трэба запрасіць і вельмі талерантна прыняць, каб Украіна здолела паказаць сваю еўрапейскасць ды не паддацца на правакацыі Расеі», – патлумачыў Раман Корбут з фонду «Еўрамайдан-Варшава».

Масква можа замяніць удзельніка

Еўрапейскі трансляцыйны звяз паведаміў, што ў такіх абставінах Масква можа замяніць удзельніка. Але прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў адказаў, што гэта наўрад ці магчыма.

Нават у такой багатай на таленты краіне, як Расея, не так проста знайсці годную замену. Спеваку, які з аднаго боку, парушыў законы Украіны, а з іншага боку, выглядае гэтак кранальна і бездапаможна, што прыцягненне яго да адказнасці можна будзе называць здзекам і варожасцю да ўсёй Расеі.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Maria Antipina / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары