Расейскі аналітык: «Цяпер Расея афіцыйна тэрарыстычная дзяржава»


Масква рыхтуецца да новых пратэстаў. Трымаюць за кратамі, заводзяць крымінальныя справы, шукаюць прызыўнікоў. У Расеі распачалі ціск на ўдзельнікаў апошніх пратэстаў «За сумленныя выбары». Маніфестанты патрабавалі зарэгістраваць апазіцыйных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую думу.

Не толькі арышты палітычных лідараў. Федэральная служба судовых прыставаў пачала дэманстратыўныя рэйды ў кватэрах грамадзянаў, якіх затрымалі на перадапошняй акцыі «За сумленныя выбары», што прайшла 27 ліпеня ў Маскве.

У іх знайшлі запазычанасці на агульную суму 26 мільёнаў расейскіх рублёў, 16 з іх – даўгі банкам. Падчас рэвізавання кватэраў прыставы ацэньвалі маёмасны стан удзельнікаў акцыі. Тых, каго цікаўныя сілавікі не знайшлі, збіраюцца аб’явіць у вышук. Да таго ж Следчы камітэт Расеі заявіў, што знайшоў 134 маладзёнаў, якія ўхіляюцца ад службы ў войску.

Увагу Генпракуратуры Расеі прыцягнулі Дзмітрый і Вольга Праказавы. На акцыі яны былі са сваім аднагадовым сынам. Супраць сужэнцаў распачалі крымінальную справу паводле двух артыкулаў: пакіданне дзіцяці ў небяспецы і невыкананне абавязку выхавання непаўналетняга. Дзяцей Праказавых пагражаюць аддаць у дзіцячы дом.

«Адчуванне панікі ў мэрыі і адміністрацыі прэзідэнта ёсць, гэтаксама як і адчуванне, што за імі сіла, у іх пакуль што ёсць рэсурс усё гэта здушыць. Але прымяненне сілы празмернае, гэта тэрарызм. У нас цяпер Расея афіцыйна тэрарыстычная дзяржава», – гаворыць расейскі аналітык Арцём Тарчынскі.

Дзеянні АМАПу на маскоўскіх вуліцах нагадваюць стыль працы міліцыянтаў на пратэстах у Беларусі.

«Увогуле гэта няўдзячная справа – параўноўваць дзеянні двух аўтарытарных рэжымаў, які з іх больш аўтарытарны», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Але параўнаць можна. Паводле Віталя Цыганкова, пальма першынства ў рэпрэсіях перайшла Расеі ў 2014 годзе пасля яе агрэсіі супраць Украіны, хоць гэтая справа, на думку эксперта, больш датычыць знешняй, а не ўнутранай палітыкі. У сваю чаргу ў Беларусі аўтарытарызм мае даўжэйшы досвед.

«З 1996 года Беларусь непараўнальная з Расеяй паводле ступені жорсткасці і рэпрэсіяў у дачыненні да грамадзянскае супольнасці. Можа ўзгадаць і эскадроны смерці, і зніклых палітыкаў, і журналістаў. Можна ўзгадаць і крымінальныя справы за дзейнасць ад імя незарэгістраванае арганізацыі», – падсумоўвае Віталь Цыганкоў.

І дадае, што менавіта жорсткія рэпрэсіі практычна вынішчылі грамадзянскую супольнасць у нашай краіне.

Марыя Лекух, Вітаўт Сіўчык, belsat.eu