Расейскі АМАП не пускаў беларусаў на тэрыторыю мемарыялу «Катынь»


У мемарыяльным комплексе “Катынь”, што пад Смаленскам затрымлівалі журналістаў „Белсату” Любоў Лунёву і Алеся Сіліча. Нашыя калегі паехалі ў Расею асвятляць візіт беларускіх дэмакратаў да мемарыялу, дзе сярод іншых ахвяраў сталінізму пахаваныя і больш за дзве тысячы нашых суайчыннікаў.

Беларускіх удзельнікаў акцыі ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму і нацызму ў Катыні – амаль паўсотні асобаў – чакалі ўжо на мяжы. Пікет КПРФ з лозунгамі ды партрэтамі Сталіна сустракаў гасцей, а расейскі АМАП суправаджаў нашых суайчыннікаў усю дарогу.

Напярэдадні на смаленскім сайце readovka.ru, які пазіцыянуе сябе як самы папулярны сайт рэгіёну, з’явіўся артыкул пра «Малады фронт» і яго заснавальніка Паўла Севярынца. Ці рыхтуюць беларускія радыкалы правакацыю ў Смаленску? – такое пытанне клапаціла журналістаў сайту.

Сам Павал не збіраўся наведваць Смаленск, а толькі дапамагаў арганізатарам распаўсюдзіць інфармацыю пра паездку. Беларускія дэмакраты ладзяць нацыянальную выправу ў Катынь у дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму ўжо шмат гадоў запар.

Затрыманых журналістаў «Белсату» адпусцілі без складання пратаколаў, паліцыя пратрымала іх больш за гадзіну. Пасля гэтага дакументы праверылі ўва ўсіх удзельнікаў дэлегацыі.