Расейская армія едзе ў Беларусь, каб застацца?


Найбуйнейшыя вучэнні Расеі з 2013-га года

Паводле прагнозаў НАТО, на вераснёўскія манеўры ў Беларусь могуць прыбыць і да 100 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Міністэрства абароны Беларусі афіцыйна кажа пра 3 тысячы.

З вуснаў заходніх палітыкаў неаднаразова гучала думка, што частка кантынгенту дадому ўжо не вернецца. Але кіраўнік беларускае дыпламатыі заклікае не хвалявацца.

«З іх гледзішча, вучэнні носяць агрэсіўны характар, быццам бы ў выніку вучэнняў плануецца напад на нейкія суседнія дзяржавы. Хачу адназначна сказаць. З беларускага боку ў дачыненні нікога ніколі не зыходзіла пагроза і не будзе зыходзіць», – запэўнівае міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

Еўропа пераймаецца зусім не беларускай пагрозай

На сустрэчы міністраў абароны Еўразвязу і прадстаўнікоў НАТО кіраўнік абароннага ведамства Эстоніі Маргус Тсахкна, спаслаўшыся на звесткі натаўскай выведкі, заявіў, што расейская армія застанецца ў Беларусі.

«Для расейскіх войскаў, якія збіраюцца ў Беларусь, гэта квіток у адзін канец… Гэта не маё асабістае меркаванне, мы вельмі глыбока аналізуем, як Расея рыхтуецца да вучэнняў «Захад», – распавёў Маргус Тсахкна.

Афіцыйныя Менск і Масква ўсяляк падкрэсліваюць, што восеньскія вайсковыя трэнаванні маюць выключна абарончы характар. Маўляў, сам Паўночнаатлантычны альянс стала размясціў у Польшчы і краінах Балтыі чатыры тысячы вайскоўцаў. Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін лічыць замацаванне расейскага кантынгенту на нашай тэрыторыі малаверагодным – хаця б таму, што самому Лукашэнку ён зусім не патрэбны.

«Бяда ў тым, што ў Расеі з НАТО ёсць свае «цёркі» і мы можам патрапіць у іхныя «разборкі», НАТО і Расеі. І тут мы, як хаўруснікі Расеі, будзем змушаныя ўдзельнічаць на баку Расеі. Калі Расея не будзе абвастраць сітуацыі і НАТО не будзе адказваць, то думаю, што пагрозы для Беларусі не будзе», – мяркуе эксперт.

Не больш, чым «істэрыя» і «домыслы»?

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў апасенні заходніх дыпламатаў і публікацыі ў медыях адносна магчымых наступстваў «Захаду 2017» называе «істэрыяй» і «домысламі».

Істэрыя або не, але краіны, якія мяжуюць з Расеяй, хочуць быць гатовымі да горшага. Літва сёння пачынае буйныя вучэнні «Удар маланкі» і не хавае, што яны скіраваныя супраць расейскага ўварвання.

Але прыклад для трывогі – зусім нядаўнія падзеі

Паводле НАТО, чатыры гады таму Расея падчас манеўраў адпрацавала дзеянні спецназу, якія пасля рэалізавала пры анексіі Крыму і падтрыманні сепаратыстаў на Данбасе. Падчас апошняй сустрэчы кіраўнік Беларусі запэўніў Пятра Парашэнку, што ніякага ўварвання на тэрыторыю Украіны з Беларусі быць не можа. Пытанне, ці Лукашэнка прымае рашэнне?

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Nozim Kalandarov / TASS / Reuters