Расейска-беларуская інтэграцыя на ўзроўні бульбы і тапінамбуру

30-тага траўня – сярэдзіна года, але, відаць, раней ніяк не ўдавалася. Паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, падчас якога сустракаюцца лідары Беларусі ды Расеі і якое звычайна адбываецца ў лютым або сакавіку, гэтым разам адбудзецца ў перадапошні дзень вясны. Два месяцы пасля красавіцкае сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Пецярбурзе двум палітыкам будзе што абмеркаваць.

«Не ўсё атрымліваецца. Не атрымалася з крэдытам у 1 мільярд долараў, які быў абяцаны, каб падтрымаць гаспадарку краіны, каб рэспубліка не збанкрутавала. Не ўсё ясна з беларускага боку ў дачыненні пазіцыі Рассельгаснагляду», – тлумачыць маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Пецярбуржская сустрэча зняла напружанне

Менш пытанняў засталося ў справе няякаснай прадукцыі ды кантрабандавага рээкспарту з Беларусі. «Рассельгаснагляд» учора нават пагадзіўся зняць абмежаванні з двух мясных і сямі малочных прадпрыемстваў, але сёння зноў забараніў пастаўкі з трох наступных. Палітолаг Алесь Лагвінец адзначае, што канфлікты ў дачыненнях дзвюх краінаў будуць заўсёды. Іх стварае мадэль непразрыстых дачыненняў паміж двума аўтарытарнымі лідарамі.

«Пытанне тых жа коштаў на нафту і газ, пытанне квотаў, пытанне доступу да Расейскага рынку, пытанне вельмі своеасаблівага трактавання санітарных нормаў, пытанне ці могуць беларускія прадпрыемствы ўдзельнічаць у дзяржтэндэрах суседкі», – кажа спадар Лагвінец.

$ 500 заробкаў для беларусаў ляжаць у Расеі

Ад хуткага развязання гэтых пытанняў у значнай ступені залежыць палітычны лёс Аляксандра Лукашэнкі. Абяцанне павысіць заробкі да канца года трэба выконваць. Але ні нядаўні візіт кіраўніка Беларусі ў Кітай, ні абдымкі з іншымі сусветнымі лідарамі не прыносяць імклівых дывідэндаў. А два з трох кітоў – нафта, калійныя ўгнаенні і мяса-малочная індустрыя, – на якіх трымаецца беларускі экспарт, у першую чаргу залежаць ад Масквы.

«500 долараў заробкаў для беларусаў ляжаць у Расеі. У расейскіх нафтавікоў, у расейскіх трубапровадах у добрай волі Расеі, каб Лукашэнка прыкрываясь Расеяй мог падняць заробак і зрабіць выгляд паспяховага эканаміста», – упэўнены Суздальцаў.

Што кіраўнік Беларусі запрапануе Крамлю ўзамен?

Частка палітычных назіральнікаў зазначае, што адпаведным «таварам» магла б зрабіцца расейская вайсковая база ў Беларусі. Былы дарадца Уладзіміра Пуціна ў эканамічных пытаннях – Андрэй Іларыёнаў – у праграме «Гордон» дапусціў магчымасць гібрыднай акупацыі пасля супольных беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017». Але не ўсе пагаджаюцца з такою думкаю.

«Ідзе пазіцыйная доўгатэрміновая гульня, козыраў у ёй у Лукашэнкі менш. Але не думаю, што Расея вырашыць пайсці на адназначна сілавы варыянт», – упэўнены Алесь Лагвінец.

Найбольш жа імаверным сцэнаром сустрэчы будуць рытуальныя размовы ні пра што. Канструкцыю з назваю «Саюзная дзяржава», якой сёлета споўнілася ажно 20 гадоў, крытыкуюць з усіх бакоў, нават тыя, хто яе калісьці і ствараў. А ўзровень інтэграцыі дзвюх краінаў абмяжоўваецца 11-цю праграмамі, адная з якіх – інавацыйнае развіццё вытворчасці бульбы і тапінамбуру».

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Глядзі таксама