Раманчук: «20 гадоў інтэграцыі скончацца фіаска і калапсам»


Дацягнулі да апошняга моманту і ўсё ж падпісалі гадавы баланс паставак нафты з Расеі: закупляем 24 тоны, але не вядома, паводле якога тарыфу. Ільготныя кошты на энерганосьбіты былі адным з патрабаванняў афіцыйнага Менску перад падпісаннем дарожных мапаў беларуска-расейскай інтэграцыі.

Бакі сустрэнуцца ў Сочы праз 4 дні, але перад гэтым Уладзіміра Пуціна наведае прэзідэнт Сербіі, з якім Лукашэнка ў гэтыя дні сустракаўся. Візіт у Бялград скончыўся падпісаннем бізнес-дамоваў і планамі патроіць знешнегандлёвы зварот да $ 500 млн на год.

«Некалькі знізіўся таваразварот. Мы з вамі разбяромся, чаму ўрады не разварочваюцца як след», – заяўляе Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Паводле коштаў экспарту тавараў і паслуг Беларусь толькі 34-ты партнёр Сербіі і толькі 37-мы – паводле коштаў імпарту. Аднак Лукашэнка правёў у Сербіі 2 дні, будучы на парозе прыняцця больш чым 30 гістарычных для Беларусі дакументаў…

6 снежня ў Сочы сустрэнуцца прэм’еры Мядзведзеў і Румас, а на наступны дзень Лукашэнка і Пуцін між іншага будуць вырашаць пытанне коштаў на газ для Беларусі. Кошт мае быць як у Смаленскай вобласці – настойвае Менск. «Газпрому» – не да падарункаў.

Валерыя Касцюгова, аналітычны сайт «Наше мнение»:

«У Расеі, у Газпрому ў прыватнасці, вялікія праблемы з транзітам і продажам газу ў Еўразвяз у наступным годзе – з-за Украіны. Кантракт з Беларуссю хутчэй за ўсё будзе заключаны недзе пад новы год і кошты будуць прыкладна такія ж».

Зніжэнне коштаў на нафту і газ Беларусь паставіла ўмоваю выканання пагадненняў Саюзнай дамовы. Лукашэнка папярэджваў:

«Калі не будуць вырашаныя нашыя прынцыповыя пытанні па пастаўках вуглевадародаў, па адкрыцці рынкаў для нашых тавараў, зняцці бар’ераў і іншае – ніякія дарожныя мапы не могуць быць падпісаныя».

Расея сёння толькі часткова задаволіла патрабаванні: Расельгаснагляд зняў абмежаванні на пастаўкі малака з 32 прадпрыемстваў Беларусі. Краіны падпісалі таксама індыкатыўны баланс на пастаўку ў Беларусь 24 мільёнаў тонаў нафты, але не паведамілі, ці налета Беларусь заробіць, як у гэтым годзе, на перамытнёўцы чацвёртай часткі нафты.

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сярод галоўных называе таксама:

«Кампенсацыю за падатковы манеўр, бо гэта мільярды долараў. Калі Крэмль будзе стаяць на сваім, што Беларусь падпіша рэчы, ад якіх складана будзе «адвярцецца», тады Крэмль падпіша тыя дамовы, якія выгадныя сёння для беларускага ўраду – па нафтапрадуктах і па газе».

Эксперт называе гэтыя дамовы пернікам:

«А пуга – гэта калі эканоміка Беларусі ў 2020 годзе апынецца ў рэцэсіі, і Лукашэнцы давядзецца наўпрост размаўляць з беларусамі, пераконваць іх, чаму менавіта так скончыліся 20 гадоў інтэграцыі – фіаска і калапсам».

Ці не прадасць Лукашэнка Расеі кавалак нашага суверэнітэту, разважаюць жыхары паўночнага ўсходу Беларусі:

«Непрадказальна… усё можа быць… за нафтагаз можа і маці родную прадаць».

«Я не цікаўлюся палітыкаю, я цалкам яму давяраю, як будзе так будзе».

«Мы незалежныя, а ў залежнасць ніхто не пойдзе».

Частку тых, хто заклікае змагацца за незалежнасць, у тым ліку праз вулічныя акцыі, цяпер судзяць за ўдзел у выбарчых пікетах. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі дапускае:

«Тут улады трымаюць у галаве тое, што такія, як Севярынец, могуць узняць хвалю ў звязку з меркаваным падпісаннем так званай паглыбленай інтэграцыі».

Сябры Руху «Разам» заклікалі грамадства і палітыкаў да арганізацыі масавых акцыяў пратэсту супраць інтэграцыйных пагадненняў. Прапануюць вулічныя пратэсты і адмову ад выплаты падаткаў.

Юлія Цяльпук belsat.eu