Раман Скірмунт: паважаны сярод чужых, недаацэнены сярод сваіх


У Пінску адбылася канферэнцыя, прысвечаная старажытнаму роду Скірмунтаў. Асаблівую ўвагу гісторыкі прысвяцілі апошняму ўладальніку маёнтку ў Парэччы, прэм’ер-міністру БНР Раману Скірмунту. Зарганізавалі імпрэзу Польскі інстытут у Менску супольна з Польскай акадэміяй навук і Генеральным консульствам Польшчы ў Берасці.

Паважаны сярод чужых, недаацэнены сярод сваіх. Раман Скірмунт – постаць шматбаковая і нестандартная. Дэпутат першай расейскай Дзяржаўнай думы, потым прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, яшчэ пазней – сенатар міжваеннай Польшчы.

«Раман Скірмунт, ягоная палітычная дзейнасць у палітычным руху – гэта была такая спроба зрабіць беларускую гісторыю ХХ стагоддзя гісторыяй не з Леніным, Машэравым, Лукашэнкам, а гісторыю з Сапегамі, Радзівіламі і Скірмунтамі», – кажа гісторык Алесь Смалянчук.

З нагоды 150-годдзя Рамана Скірмунта на міжнародную канферэнцыю ў Пінск зʼехаліся адмыслоўцы з Беларусі, Літвы і Польшчы. Разынкаю ж імпрэзы, зарганізаванаю Польскім інстытутам у Менску супольна з Інстытутам славістыкі Польскай акадэміі навук і Генеральным консульствам Польшчы ў Берасці, зрабілася паездка да радавога гнязда Скірмунтаў у Парэчча. Тут Аляксандр Скірмунт – дзед Рамана – зладзіў сапраўдны прамысловы цэнтр.

«Гадоў практычна 200 таму тут, здавалася б, у глухіх кутках беларускага Палесся, тым не менш квітнела тое самае, што было ў перадавых краінах Заходняй Еўропы», – дадае кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў.

Суконную фабрыку ў Парэччы звалі не інакш як «Ліверпулем на Ясельдзе». Ведалі пра яе далёка па-за межамі роднага краю, пра што сведчыць медаль, атрыманы на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1878-ым годзе.

У сваю чаргу Раман Скірмунт найвялікшы след у гісторыі пакінуў менавіта як палітык.

«Скірмунт – гэта такая асоба, якая сімвалічна злучае Польшчу і Беларусь. Я думаю, гэта пачатак той дарогі, якую мы мусім прайсці. Маем яшчэ шмат працы, разам будзем намагацца прыбіраць чарговыя камяні з той дарогі», – заяўляе дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Томаш Адамскі.

Раман Скірмунт быў краёўцам – гэта значыць, выступаў за аўтаномію зямель колішняга Вялікага Княства Літоўскага. У 1918-ым годзе стаўся прэмʼер-міністрам БНР. Праз непрыняцце сацыялістамі, быў вымушаны адысці ад беларускай палітычнай дзейнасці, а ўжо ў 1930-ым ён зрабіўся сенатарам Польшчы.

«У беларускім руху дамінавала сацыялістычная тэндэнцыя. Проста не маглі пагадзіцца, як гэта так, памешчык, землеўласнік Скірмунт таксама разам з намі», – дадае Алесь Смалянчук.

Паводле гісторыкаў, палескія сяляне ўзгадвалі Рамана Скірмунта як «добрага пана», але ў 39-ым годзе, калі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі саветы, пана Рамана забілі мясцовыя хуліганы, падбухтораныя камісарамі.

«Уражаная трагічнасцю фіналу роду гэтага, бо не ўяўляла, што можа быць такі вынік, калі чалавек сапраўды ўкладаў столькі сілаў для развіцця не толькі прадпрыемстваў, але і чалавека на гэтай тэрыторыі», – кажа філолаг Інэса Кур’ян.

Цяпер памяць аб прэм’ер-міністры БНР пакрысе вяртаюць. У суседнім Моладаве кансервуюць родавую капліцу, а ўжо да канца года ў свет мае выйсці паўнавартасная біяграфія Рамана Скірмунта аўтарства прафесара Алеся Смаленчука.

Вітаўт Сіўчык