РАМАН БАНДАРЭНКА: ГІСТОРЫЯ ЗАБОЙСТВА


Забойства ёсць – крымінальнай справы няма. Хаця расследаваннем гібелі Рамана Бандарэнкі мае займацца Генеральная пракуратура на даручэнне Лукашэнкі. Тым часам у сеціве з‘яўляюцца злівы тэлефонных размоваў, у якіх, у тым ліку, абмяркоўваецца інцыдэнт, што вельмі нагадвае напад невядомых на Бандарэнку.

«Я выходжу» – апошнія словы, якія Раман Бандарэнка напісаў у дваровым тэлеграм-чаце. Сёння гэтую фразу скандавалі тысячы чалавек – на развітанні з Раманам.

«Развітанне з сімвалам, з героем нашай краіны, з чалавекам, які прынёс сябе ў ахвяру гэтых агідных абставінаў, што адбываюцца ў нашай краіне. Балюча. Вельмі страшна. І вельмі ганаруся такімі людзьмі», – кажа жыхарка Менску.

31-гадовы мастак Раман Бандарэнка быў збіты пасля таго, як выйшаў ва ўласны двор, больш вядомы як плошча Пераменаў, каб запытацца, навошта невядомыя ў масках зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Гэта адбылося ўвечары 11 лістапада. Збітага Рамана адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, пасля чаго шпіталізавалі з чэрапна-мазгавою траўмай. Аперацыя не ўратавала. 12 лістапада Раман памёр.

«Гэта ўсё я перажываю як у страшным сне. Мне здаецца, што я прачнуся – і нічога гэтага не будзе. Таму я нікому не пажадаю апынуцца на маім месцы. Мне вельмі б хацелася, каб гэтага не было, ні з кім і ніколі », – гаворыць маці Рамана Алена Бандарэнка.

Разбор справы па даручэнні Лукашэнкі ўзяла на сябе Генеральная пракуратура. Аднак крымінальнай справы па факце забойства Рамана Бандарэнкі няма.

Тым часам у інтэрнэце з’явіўся запіс тэлефонных размоваў двух мужчынаў пра збіццё Рамана. Як сцвярджае тэлеграм-канал «Нехта», суразмоўцы – гэта кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрый Баскаў і шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Дзмітрый Шакута, якіх падазраюць у датычнасці да збіцця.

– Наташа пазваніла, кажа, там цяпер Казакевіч… Хто гэта?

– Гм, хрэн яго ведае.

– Карацей, напэўна, так. Карацей, яна ўжо там ездзіла, сустракалася, размаўляла з кімсьці, разбіраюцца цяпер. Папярэдзіла ўсіх, што калі што, дык нас не было нідзе.

Высветліць, ці сапраўды размаўлялі паміж сабою Баскаў і Шакута, – заданне следчых органаў, кажа падпалкоўнік КДБ у адстаўцы. Сяргей Аніська праслухаў запіс неаднаразова. І мяркуе, што размова, хутчэй за ўсё, сапраўдная.

«Мне здаецца, асноўная версія, чаму зліў адбыўся, – гэта нежаданне ведамстваў несці адказнасць за забойства. Біць яны яшчэ гатовыя. У іх індульгенцыя зверху. Яны будуць яшчэ малаціць. Але смерць браць нікому не хочацца», – гаворыць Сяргей Аніська.

Напярэдадні тэлеграм-канал «Нехта» выклаў яшчэ адзін запіс тэлефонных размоваў. Як сцвярджаецца, галасы належаць прэс-сакратару Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і Дзмітрыю Баскаву

– Я цяпер размаўляла з Караевым. І ён сказаў, што ёсць задача не проста ставіць на месца. А ён з прычыны нас толькі што размаўляў з… ну, зразумела.

– Ну так.

– І тыпу забіраць. Я вось думаю: мы іх куды будзем пакаваць?

«Там размова ідзе пра выкраданне людзей, бо арыштоўваць яны паўнамоцтваў не маюць. Мне падаецца, што тая байка, якую нам распавядалі пра народныя дружыны, цярпіць фіяска. Бо мы бачым, што заангажаваныя толькі тыя людзі, хто мае дзяржаўную зарплату, каму Лукашэнка плаціць грошы», – кажа журналіст Андрэй Пачобут.

Не абмінуў увагаю злівы ў тэлеграм-каналах размоваў і сам Аляксандр Лукашэнка.

«Не час, патрывайце трошкі, на наступным тыдні ўсё раскажам. Паверце, будзе вельмі цікава», – паабяцаў Лукашэнка.

На думку экспертаў, зліваў наперадзе яшчэ шмат. Бо ніхто не хоча на лаву падсудных. Сам жа факт існавання злІваў сведчыць пра крызіс унутры сістэмы.

Анастасія Русецкая, «Белсат»