Ракіроўкі сілавікоў: замест Караева – Кубракоў


Юрый Караеў больш не міністр унутраных справаў. Аляксандр Лукашэнка перавёў з сілавых пасадаў таксама і намесніка Караева, і былога старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка. Ці штосьці зменіцца з новым кіраўніком МУСа?

Новы міністр унутраных справаў – Іван Кубракоў, былы кіраўнік менскай міліцыі. Аляксандр Лукашэнка апісаў яго, як дасведчанага дзеяча, аднаго з сапраўдных патрыётаў з сілавых структураў.

«У нас больш-менш складаная сітуацыя ў Менску. Ёй давядзецца займацца, ты ў тэме. Канешне, не адзін будзеш займацца, там будзе начальнік ГУУС, якому ты дакладна не будзеш замінаць працаваць. Бо сам толькі што прайшоў гэты ўзровень. З іншага боку, у цябе ёсць досвед», – казаў Лукашэнка Кубракову ў сваім палацы.

Кубракова журналісты ведаюць, як апантанага выканаўцу загадаў Лукашэнкі, які і ў непрацоўны час гатовы пераследваць палітычных праціўнікаў свайго шэфа. А што будзе з Юрыем Караевым?

Былы міністр унутраных справаў яшчэ ўчора казаў, што міліцыянты рабілі ўсё правільна падчас разгонаў мірных пратэстаў і потым у ізалятарах. Юрый Караеў заклікаў падначаленых – простых участковых у рэгіёнах – рыхтавацца страляць у пратэстоўцаў.

Цяпер ён едзе ў Гарадзенскую вобласць памочнікам Лукашэнкі, падмацоўваць вертыкаль улады. Ягоны былы намеснік Аляксандр Барсукоў будзе памочнікам па горадзе Менску, а былы старшыня КДБ Валерый Вакульчык – па Берасцейшчыне.

«З міністра ўнутраных справаў паехаць памочнікам прэзідэнта ў Гарадзенскую вобласць, фактычна быць падначаленым былога міністра аховы здароўя – гэта паніжэнне. Вакульчык – былы кіраўнік КДБ – стаў памочнікам па Берасцейскай вобласці. Гэта не назавеш ключавой пасадай і падвышэннем», – упэўненая палітолаг Вольга Харламава.

«Адстаўка Караева была запланаваная, бо ён працяглы час імкнуўся сысці з сістэмы ўнутраных справаў і перайсці на дыпламатычную працу, адправіўшыся ў міждзяржаўныя структуры СНД ці АДКБ», – нагадвае Андрэй Паротнікаў, стваральнік «Belarus Security Blog».

Эксперты пагаджаюцца, што заявы Караева пра дзеянні міліцыі сталі занадта таксічнымі нават для МУСа.

«Яго прыбралі з рэспубліканскага публічнага поля, каб прадэманстраваць пэўную гатоўнасць да перамоваў і да зменаў. Але гэта імітацыя гатовасці да перамоваў – для Захаду і для лаяльнага насельніцтва», – мяркуе Вольга Харламава.

Як мяркуе журналіст-расследвальнік «Белсата» Ігар Ільяш, за апошнія месяцы рэжым Лукашэнкі канчаткова аформіўся ў вайсковую хунту, калі галоўныя рашэнні прымаюць людзі ў пагонах. Але іх узмацненне на рэпрэсіўных дзеяннях небяспечнае для самога Лукашэнкі. Бо міліцэйская сістэма можа трымацца і без яго.

«Тое, што Лукашэнка вырашыў прыбраць такую адыёзную асобу, як Караеў, гэта дэманстрацыя, што ён не проста не давярае свайму атачэнню, ён па-сапраўднаму баіцца сваіх сілавікоў», – кажа Ігар Ільяш.

Падчас вострага палітычнага крызісу Лукашэнка абнавіў кіраўніцтва КДБ, Генеральнай пракуратуры, Камітэту дзяржкантролю і Савету Бяспекі. І вось прыйшла чарга Караева.

Вось што думаюць пра ракіроўкі сілавікоў жыхары і госці сталіцы:

«Яны замянілі шыла на мыла, там такі ж чалавек, як і Караеў. Ён нядаўна выказваўся, што сілавікі малойцы, усё правільна робяць».

«Я сам з гэтым сутыкнуўся і ў Жодзіна, і на Акрэсціна. Асабіста бачыў, як у Жодзіна збівалі чалавека. Гэта фашызм».

«Іх будуць праз нейкі час судзіць. Прыйдзе гэты час. За іх здзекі над людзьмі. Не ведаю, як яны могуць слухаць аднаго чалавека і рабіць тое, што ён кажа».

«Самы галоўны – Лукашэнка. І тут не столькі ад Караева залежыла ўсё, а ад Лукашэнкі».

Штурмы кватэраў на вуліцы Арлоўскай, дзе хаваліся ўдзельнікі мірнага пратэсту, Лукашэнка патлумачыў сваім асабістым загадам.

«Слухайце, я на тое і галоўнакамандуючы. Я які закон парушыў? Гэта мая справа. І няма чаго Караеву апраўдвацца», – заявіў Лукашэнка ў сваім палацы.

Свежы прыклад законнасці дзеянняў міліцыі – затрыманне ў Бараўлянах пад Менскам. Чалавек у цывільным стаіць, чакае, пакуль выйдзе ягоная ахвяра, потым працягвае паперку і адразу наносіць удар. Пачынае біць і заламваць маладога мужчыну, потым ягоную спадарожніцу, падбягае яшчэ адзін мужчына ў цывільным. Людзей б“юць на зямлі.

Абодвух затрыманых вядуць у машыну на берасцейскіх нумарах. Ні пасведчання міліцыі, ні прозвішча, ні формы. Адрозніць такіх міліцыянтаў ад бандытаў фізічна немагчыма.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».