Рай для аматараў коміксаў


UniCon – гэта спалучэнне тэматычнай выставы, сцэнічнага шоў, майстар-класаў, творчых сустрэч і прэзентацый.
Фота: Марыя Арцыбашава / Belsat.eu

«UniCon – гэта душа, гэта забава, гэтым мы жывем!» Рай для аматараў коміксаў ды камп’ютарных гульняў – у Менску праходзіць трохдзённы фестываль (ці больш сучасна – канвэнт) «UniCon & Game Expo».

«У нас комплексная імпрэза, тут прысутнічаюць фандомныя стэнды – па фантастычных сусветах, алея аўтараў, кіберспартовыя стэнды і пляцоўкі, гульнятэка з настольнымі гульнямі», – распавядае Вольга Маладцова, кіраўнік праекту «UniCon & Game Expo».

Іншых праектаў у такім фармаце ў Беларусі пакуль проста не існуе, сцвярджаюць арганізатары выставы-фестывалю.Тысячы аматараў поп-культуры сабраліся разам, каб абмеркаваць апошнія навіны субкультураў, паспрабаваць навінкі кампʼютарных і настольных гульняў ды пазнаёміцца з іх распрацоўнікамі, прайсці квэсты, паспаборнічаць за найлепшы касцюм ды проста весела прабавіць час.

«UniСon» – гэта месца, дзе можна паказаць усё, што ты ўмееш, выплюхнуць усю сваю дабрыню, таму што як ні выйдзеш на вуліцу, паўсюль людзі хмурныя, а калі выйсці ў такім касцюме, як я, напрыклад, людзі могуць не зразумець цябе. А тут – нават са звычайнай таблічкай «Абдымашкі або кусь» можна паказаць і ўсміхнуць чалавека», – лічыць удзельнік «UniCon & Game Expo».

Сусветны ж фестываль поп-культуры «Комік-Кон» ладзіцца яшчэ з 1970-га: пачынаўся ад злёту энтузіястаў і выставы коміксаў, сёння – вызначае будучыню індустрыі забавак на бліжэйшыя гады. Беларускі аналаг сусветна вядомай імпрэзы запусцілі ў 2012-м.

Матэрыял Сцяпана Святлова глядзіце ў поўным выпуску навінаў

«Сюды ідуць людзі рэальна адпачыць, што касплэеры, што звычайныя людзі, гэта маленькі свет, дзе можна проста пабыць сабой, знайсці новых сяброў, магчыма, камусьці – другую палову, усялякае бывае».

«Можна быць кім захочаш, кім ты хочаш быць, але не можаш стаць у рэальным жыцці».

«Касцюм з сусвету «Blame!», гэта манга вельмі старая, у стылі кіберпанк, яна даўно яшчэ мяне нечым закранула, і захацела неяк увасобіць касцюм».

Шэраг сусветаў ды невядомай для звычайнага, не ўтаемнічонага чалавека тэрміналогіі нікога не палохае. Фестываль прыцягвае кожнага, хто хоча адкрыць для сябе нешта новае.

«Фанаты розных сусветаў робяць праекты, дэкарацыі, інтэрактыўную зону паводле свайго любімага сусвету, косплэй, гэта ўсё прэзентуецца ў выглядзе фанацкага стэнду, дзе ідуць нейкія актыўнасці, нейкія прадстаўленні, віктарыны, квэсты», – распавядае Галіна Вашкевіч, крэатыўная прадзюсарка праеку.

Дарэчы, усё гэта ўдзельнікі ствараюць самастойна ды за ўласныя грошы.

«У тым свеце, у якім мы жывем, мы абавязаныя навуковай фантастыцы. Калі б не было навуковай фантастыкі, можа, не было б камеры, мікрафона, вось гэтага гуку», – кажа Галіна Вашкевіч, крэатыўная прадзюсарка праеку.

А праз год прыхільнікі навуковай фантастыкі, фэнтэзі, коміксаў, кампʼютарных гульняў ды кОсплэю – пераапранання ў выдуманых герояў – збяруцца ізноў.

Сцяпан Святлоў belsat.eu