Радыеактыўныя пажары ўва ўкраінскіх лясах падступілі да Беларусі


Пажарны працуе над тушэннем ляснога пажару, які гарыць у зоне адчужэння ў 30 км ад Чарнобыльскай АЭС. 17 красавіка 2020 года.
Фота: Дэпартамент рэагавання на надзвычайныя сітуацыі / Reuters / Forum

Пажары ў Жытомірскай Вобласці Украіны набліжаюцца да мяжы Беларусі. Гарыць і Чарнобыльская зона. Добрая навіна ў тым што спакойнае надвор’е – вецер не раздзьмухае полымя. Дрэнная – няма дажджу.

Сітуацыя ў нашых паўднёвых суседзяў пагаршаецца. Нават ува ўкраінскай сталіцы ўзровень забруджання паветра ў сем разоў вышэйшы за норму, хоць там дым не радыеактыўны. Кіеўскія ўлады супакойваюць: забруджанне паветра ва ўкраінскай сталіцы звязанае са зменамі клімату, а не пажарам ля Чарнобыльскай АЭС.

Праўда, для жыхароў гэта мала што змяняе, кажа эколаг Таццяна Лампіка:

«Мы бачым толькі вялікую колькасць дробнага дысперснага пылу. Небяспека ў тым, што мы не ведаем, з чаго ён складаецца. Датчыкі гараць колерам, які кажа пра тое, што забруджванне паветра досыць высокае. І ў любым выпадку гэта шкодна. Усё роўна, з чаго складаюцца гэтыя дробныя дысперсныя часцінкі».

Дым ад лясных пажараў у чарнобыльскай зоне даляцеў і да нашай краіны, а таксама да Румыніі ды Балгарыі. Як паведамляў напярэдадні французскі Інстытут радыяцыйнай небяспекі, канцэнтрацыя радыеактыўнага цэзію-137 у паветры павышаная, але далёкая ад небяспечнай.

«Асноўныя намаганні МНС на тэрыторыі зоны адчужэння накіраваныя на лакалізацыю чатырох участкаў, дзе тлеюць пянькі, рэшткі дрэваў і аднаго тарфянішча, якое гэтак жа працягвае тлець каля Чарнобылю», – зазначае Уладзімір Дэмчук з украінскага Дэпартаменту рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Метэаролаг Вазіра Мартазінава запэўнівае: беларускія лясы – у бяспецы. Вецер дзьме ў іншы бок. А вось Кіеву ў бліжэйшы час будзе несалодка. Прагноз не абяцае гэтак неабходнага цяпер дажджу.

«Калі б пайшоў дождж, то атмасфера імгненна б ачысцілася. Чаму? Бо тыя завісі ў паветры ды кроплі вады падаюць уніз, вяртаюцца на паверхню зямлі. У выніку паветра становіцца чыстым», тлумачыць метэаролаг Вазіра Мартазінава.

Толькі ў Кіеве і вобласці зафіксавалі амаль 40 пажараў. Гарыць сухая трава, а дзесьці тлее лясны апад. Паветра робіцца небяспечным для здароўя.Такое паветра надзвычай небяспечнае перадусім для алергікаў – кажа імунолаг Ала Валоха:

«У іх могуць быць абвастрэння такіх захворванняў, як алергічны рэніт, алергічны кан’юнктывіт, асабліва раздражненне слізістых. У людзей з хранічнымі хваробамі лёгкіх таксама могуць узнікаць абвастрэнні. Можа быць пагаршэнне стану».

Сталічныя ўлады ізноў просяць кіяўлянаў не выходзіць на вуліцы. А цяпер яшчэ і не адчыняць вокнаў.

Рэпартаж Алега Рэшатняка і Усевалада Шлыкава глядзіце ў поўным выданні навінаў за 18 красавіка