Работнікі далучыліся да пратэстаў


Да прахадных буйных прадпрыемстваў Менску сёння выйшлі людзі, каб падтрымаць пратэст працоўных. Каля сотні чалавек сабраліся каля прахадной Менскага трактарнага заводу на падтрымку трактарабудаўнікоў. Да прахадной прыехалі таксама некалькі групаў працаўнікоў дзяржаўнага тэлебачання, але вось як іх сустрэлі пратэстоўцы.

«Народ з імі не хоча размаўляць, бо ідзе падман, скажэнне праўды, выкарыстоўваюць нейкія кадрыкі, якія не адпавядаюць рэальнасці. А людзі прыйшлі падтрымаць завадчанаў. Мы ўсе за тое, каб прайшлі справядлівыя выбары», – кажа ўдзельніца пратэсту.

Трактарабудаўнікоў прыйшлі падтрымаць былыя калегі і неабыякавыя людзі. Вось што кажуць пратэстоўцы:

«Менскі машынабудаўнічы тэхнікум заканчваў, працаваў на трактарным заводзе – больш не працую. Лукашэнка разваліў усю краіну: было 30 тысячаў працаўнікоў – стала 16, усё».

«Я проста інжынер і проста падтрымліваю нашых працаўнікоў».

«Людзям цяжка, таму ім патрэбна падтрымка, каб яны смялей выходзілі і баставалі».

«Я для сябе вырашыў: калі да канца года ў краіне нічога не зменіцца, я проста з’еду».

Такая ж група падтрымання сабралася і на прахадной Менскага аўтамабільнага заводу.

«Я выйшаў на страйк падтрымаць сваіх калегаў, бо мяне звольнілі з гэтага ж заводу. Мяне звольнілі з галоўнага канвеера паказальна – за страйк, паводле артыкулу за непачынанне выканання працоўных абавязкаў».

«Сёння ўсе ў цэнтры гораду, сёння ўсе падтрымліваюць студэнтаў. Але я прыехаў сюды, бо тут аўтамеханічны каледж, і яго студэнтаў таксама трэба падтрымаць. А таксама падтрымаць працоўных, бо ўся надзея зараз на іх страйк».

Дзень ведаў стаўся днём салідарнасці перадусім студэнтаў: 1-га верасня яны пратэставалі ня толькі ў цэнтры гораду, але і каля сваіх ВНУ. Вось што кажуць студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту.

«Мы выйшлі падтрымаць студэнтаў, якія пайшлі да Міністэрства адукацыі. Мы не палітыкі, мы за правы чалавека».

«Асабіста бачыла як выкладчыкі нашага Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту ўдзельнічалі ў фальшаванні выбараў. Таму мы выйшлі, каб сказаць пра гэта».

«Страху ніякага няма, мы стаміліся баяцца. Мы ведаем, што ў нашым універсітэце былі фальсіфікацыі. Нам сорамна за наш універсітэт і мы кажам, што не будзем з гэтым мірыцца. Мы таксама салідарныя са студэнтамі і з усімі беларусамі».

Галіна Абакунчык, «Белсат»