Рабочыя пратэстуюць, дырэктары пагражаюць


У Аляксандра Лукашэнкі ёсць бронетэхніка, спецназ, драбавікі і святлошумавыя гранаты. Але ўсе бэтээры і бээмпэ рамантуюць грамадзяне Беларусі, і грамадзяне плацяць падаткі, з якіх дзяржава купляе гранаты і плаціць заробкі спецназу.

«Я, рабочы заводу «Атлант» Манкевіч Віктар Анатолевіч, прызнаю сваім прэзідэнтам Святлану Ціханоўскую і нагадваю Аляксандру Рыгорычу (Лукашэнку), аб выстаўленым ультыматуме. Вы мусіце абвесціць аб сваім сыходзе, мусіце спыніць гвалт і выпусціць усіх палітвязняў. Не разбурайце нашую краіну!» – гэты відэазварот да Лукашэнкі працаўнік сталічнага заводу халадзільнікаў «Атлант» запісаў з бел-чырвона-белым сцягам у руцэ на градзірні заводу.

Здымаць Віктара прыехаў АМАП і байцы МНС, але ён злез з трубы сам, а перад гэтым распавёў пра страйк у панядзелак, калі амаль гадзіну пратэставалі паўсотні «атлантаўцаў».

«Цяпер па заводзе ідуць праверкі, шукаюць БЧБ-сімволіку. Не верце, што на заводзе «Атлант» няма пратэставага меркавання. Проста нашае меркаванне заціскаюць», – патлумачыў рабочы.

Да страйку далучыўся працаўнік наваполацкага «Нафтану» са стажам 14 гадоў. На нафтаперапрацоўчым гіганце цяпер адбываюцца рэпрэсіі супраць нелаяльных Лукашэнку працаўнікоў, на прадпрыемства прыязджае АМАП, шафкі рабочых узламваюць у пошуках бел-чырвона-белай сімволікі.

«Далучаюся да агульнанацыянальнага страйку і не заступаю на начную вахту з 27 кастрычніка і далей паводле графіку – да выканання ўсіх патрабаванняў народнага ўльтыматуму. Скажуць, што зварот запісаны юрыдычна няправільна, і страйк незаконны? Дык вось людзей сёння б’юць на па законе, а па ўсіх частках цела, не зважаючы, гэта дзяўчына, мужчына ці пэнсіянер. Страляюць у пратэстоўцаў таксама не па законе», – заявіў Аляксандр Кухаронак, старшы аператар устаноўкі рэктыфікацыі.

Рэпрэсіі адбываюцца і на Менскім маторным заводзе. Сёння адтуль звольнілі старшыню першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюзу РЭП – Андрэя Комліка-Ямаціна. А падчас звальнення затрымалі вызваныя адміністрацыяй міліцыянты ды завезлі ў райаддзел Партызанскага раёну. Падрабязнасці «Белсату» распавёў бацька Андрэя.

«Яго, як старшыню першаснай прафсаюзнай арганізацыі РЭП (работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці), чальцом якой ён з’яўляецца, адміністрацыя ММЗ не хацела пускаць на завод для сустрэчы з чальцамі прафсаюзу. І апошняй кропляй стала тое, што ён у свой непрацоўны час змог з імі сустрэцца і паразмаўляць пра страйк на прадпрыемстве», – кажа Ігар Комлік, старшыня прафсаюзу РЭП у Менску, былы палітвязень.

У панядзелак падчас абеду паўсотні «маторнікаў» сабраліся, каб абмеркаваць страйк ды выхад з афіцыйнага прафсаюзу.

На Менскім трактарным заводзе ў панядзелак па цэхах маршам прайшло амаль 300 працаўнікоў. Сёння адміністрацыя звольніла некалькі актыўных удзельнікаў пратэсту – нібыта за прагул.

«Звольнілі мяне паводле артыкулу, не ўлічваючы таго, што я маю дзіцёнка 7 гадоў і выхоўваю яго адна. За 12 гадоў маёй працы гэта першае парушэнне», – тлумачыць Ульяна Гарбачова, машыністка крану з цэху кабінаў МТЗ.

«Ім далі загад, верагодна, ад КДБ, каб нас проста прыбралі з заводу, актывістаў», – перакананы электрагазазваршчык з таго ж цэху Міхаіл Громаў.

Абноўлена
У Горадні затрымалі каля 100 супрацоўнікаў «Горадні Азот»
2020.10.26 14:21

На гарадзенскім «Азоце» гендырэктар Ігар Бобыр звольніў адразу 12 працаўнікоў, афіцыйна: за парушэнне працоўнай дысцыпліны і прагулы. Прагулы палічылі і тым, каго трымалі ў ізалятары. У панядзелак на прахадной АМАПаўцы жорстка затрымалі 32 асобы.

«Усе цэха стаяць напагатове, гатовыя баставаць. Але ўсе троху пабойваюцца. Цяпер людзі ўсё больш яднаюцца, таму і паднімаюцца гэтыя забастоўкі. Плюс у 7 гадзінаў, калі людзі пабачылі амапаўцаў з вінтоўкамі, нацэленымі на людзей, гэта быў проста шок», – распавёў «Белсату» рабочы «Горадняазоту», які пажадаў захаваць ананімнасць.

Пратэстуюць і людзі высокіх тэхналогіяў. Сёння на пікет салідарнасці ў Менску выйшлі працаўнікі цэнтральнага апарату мабільнай кампаніі МТС. Людзі ў масках і чорнай міліцэйскай форме затрымалі як мінімум 7 асобаў. Але калі сілавікі з«ехалі, акцыя салідарнасці сабралася на тым жа месцы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».