R.I.P слуп: рыхтаванне да параду 3 ліпеня магло б скончыцца трагедыяй


Танк, які ехаў у цэнтр гораду на генеральную рэпетыцыю, урэзаўся ў дрэва ў ваколіцах метро «Маскоўская» ды знёс ліхтарны слуп на праспекце Незалежнасці. Танкіст, які сядзеў у люку, проста цудам ацалеў.

«Ён быў разгублены, напужаны, зусім малады хлопец. Я ў яго запытаўся – як доўга ў войску? Ён кажа – 8 месяцаў. Я запытаўся – пасля вучэбкі? Ён кажа – так, апошнія месяцы ў Печах быў. То бок фактычна пасля вучэбкі чалавек», – распавядае відавочца Генадзь Ермаловіч.

На шчасце, побач са слупам не было людзей, а таму ніхто не пацярпеў.

Як бачна на відэа, знятым адным з назіральнікаў рэпетыцыі, калона танкаў рухалася цэнтральным праспектам сталіцы на даволі вялікай хуткасці. Выпускнік Свярдлоўскай вышэйшай танкава-артылерыйскай вучэльні Сяргей Вазняк у гэтай сітуацыі дапускае чалавечы фактар, але мяркуе, што прычынаю ДТЗ, хутчэй за ўсё, стала тэхнічная няспраўнасць.

«Тэарытычна механік, кіроўца танку можа быць вінаваты, калі ён рэзка пацягнуў бы на сябе рычаг і зафіксаваў правую гусеніцу. Але ў гэтым выпадку ён мусіць быць абсалютна неадэкватным чалавекам. Бо на хуткасці каля 50 кіламетраў на гадзіну наўрад ці адэкватны чалавек стаў бы гэтак рабіць», – дзеліцца сваім меркаваннем журналіст, маёр танкавых войскаў у запасе Сяргей Вазняк.

Рэпетыцыя – рэпетыцыяй, аднак галоўнае – бяспека, кажа Сяргей Вазняк, бо машына вагою больш за 40 тонаў наагул не мусіць ездзіць, да таго ж з максімальнай хуткасцю, галоўным праспектам Менску. Яшчэ адной трагедыі было б не пазбегчы, калі б працаўнікі ДАІ не затрымалі відавочна нецвярозага мінака, які кідаўся напярэдадні пад гусеніцы каля ЦУМу.

Уласна ж да дня Незалежнасці рыхтуюцца ня толькі ўлады, але і апазіцыя. Гэтак, палітык Мікола Статкевіч плануе правесці акцыю пратэсту, якая распачнецца а 14 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы з хвіліны маўчання па тых, хто загінуў, вызваляючы сталіцу Беларусі ў ліпені 44 года.

«Гэта сумная і трагічная дата. Бо Беларусь згубіла на той вайне траціну насельніцтва. Якім чынам гэта нас наблізіла да незалежнасці? Не сказаў бы», – адзначае палітык і былы вайсковец Мікалай Статкевіч.

Аднак улады лічаць інакш ды прапаноўваюць адзначыць свята з помпаю: у траўні кіраўнік Беларусі заклікаў зладзіць імпрэзу, якая б надоўга засталася ў памяці людзей.

«Сродкаў на гэта шкадаваць не трэба, тым больш гэта не такія вялікія сродкі па правядзенні ваеннага параду», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

А вось наколькі гэта вялікія грошы, у Міністэрстве абароны не паведамляюць. На запыт журналістаў «Еўрарадыё» у ведамстве адказалі, што кошт параду не перавышае сродкаў, якія дзяржава вылучыла з рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманне Узброеных сілаў. Паводле ж падлікаў адмыслоўцаў, адзін кіламетр дарогі, пакрыццё якой кожны раз падчас правядзення гэткіх парадаў і рэпетыцыяў псуе вайсковая тэхніка, у Беларусі каштуе каля трох мільёнаў долараў. У тым ліку і гэтая статыстыка натхніла беларусаў на жарты. Карыстальнікі сацыяльных сетак адрэагавалі на ўчорашні сапсаваны асфальт ды нават пашкадавалі збіты танкам слуп.

Віталь Бабін, «Белсат»