Пяцігодка або хлеб. Урад Румаса прапанаваў два сцэнары выратавання гаспадаркі


Выкананне планаў пяцілеткі, інфляцыя, падзенне заробкаў ды зацяглая рэцэсія. Або – цвярозы погляд на эканамічныя паказнікі ды захаванне стабільнасці. Урад Сяргея Румаса прапанаваў два сцэнары дзеянняў, каб выратаваць айчынную гаспадарку. У планавай эканоміцы Лукашэнкі разбіраўся Віталь Бабін.

«Не трэба самасправаздачаў. Патрэбныя канкрэтныя прапановы і абгрунтаванне тых ці іншых палажэнняў». З гэткімі словамі ў мінулую пятніцу Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да кіраўніцтва Савету Міністраў падчас адмысловай нарады, прысвечанай эканамічнаму развіццю краіны.

«Вельмі важна пачуць альтэрнатыўныя пазіцыі», – казаў Лукашэнка.

І вось пачуў. Урад на чале з прэм’ерам Сяргеем Румасам выступіў супраць разагрэву эканомікі ды прапанаваў два варыянты развіцця падзеяў. Або мы прытрымліваемся плану пяцігодкі ды разганяем ВУП налета амаль да 6 %, то бок паскараем рост удвая хутчэй за цяперашні паказнік…

«Па-першае, рух грошай разгоніць кошты, а па-другое, будзе дэвальвацыя, а гэта, у сваю чаргу, істотна павялічыць рублёвы кошт замежных запазычанасцяў. А значыць, з бюджэту давядзецца выдаткоўваць больш грошай на пагашэнне запазычанасцяў», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

…Або карэктуем план ды захоўваем хоць якую стабільнасць, забяспечваючы няхай і невялікі, у межах 2–2,5 %, але ўсё ж рост эканомікі.

«Але гэта ж будзе і азначаць, што мы расцем марудней, чымся большасць нашых суседзяў. Разрыў узроўню жыцця з Польшчаю ды краінамі Балтыі будзе толькі павялічвацца. І пры такіх доўгатэрміновых тэмпах росту нас дагоняць і перагоняць украінцы», – кажа старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Адметна, але яшчэ ў чэрвені міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч закладаў на 2020 год бюджэт з нулявым прафіцытам. А ўжо днямі агучыў іншую лічбу – 1 млрд 400 млн дэфіцыту! За гэтыя грошы, між іншага, можна было б правесці Еўрапейскія гульні яшчэ тры разы.

Хуткая змена прагнозаў ураду тлумачыцца, у першую чаргу, спрэчкамі з Расеяй адносна кампенсацыі за падатковы манеўр, заўважае Станіслаў Івашкевіч.

«А таксама павялічанай сацыяльнай нагрузкай на бюджэт, прагназаваны напярэдадні выбараў», – дадае Івашкевіч.

Нельга не ўзгадаць і падзення экспарту, якое назіраецца ўжо 7 месяцаў запар. Тут таксама частка віны – на Расеі: дакладныя страты ад бруднай расейскай нафты, што заблакавала айчынныя нафтаперапрацоўчыя заводы, дагэтуль не названыя. А яшчэ – недацягванне заробкаў да сярэдняга паказніку 1000 рублёў – амаль па ўсёй краіне.

«Усё менш і менш аказваецца дапамога дзяржаўным прадпрыемствам, выдаецца дырэктыўных крэдытаў, не друкуюцца пустыя грошы. Пры гэтым краіна не пайшла ні на якія структурныя рэформы, і з гэтага пункту гледжання – гэта чарговая страчаная пяцігодка», – працягве Іосуб.

А таму, дадаюць адмыслоўцы з даследчага цэнтру BEROC, у краіне мусіць быць не план на пяцігодку, а эканамічны прагноз, які б карэктаваўся ў залежнасці ад сітуацыі. Бо галоўнае ў плане – не колькасць, а яго якасць, якая і мусіць уплываць на эфектыўнасць эканомікі.

Віталь Бабін, «Белсат»