Пяць гадоў таму Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб анексаванні Крыму


Крэмль абяцаў, што далучэнне да Расеі прынясе Крыму спакой і дабрабыт, а Расеі – адраджэнне і небывалую моц. Ці спраўдзіліся абяцанні? Высвятляў Аляксандр Папко.

Так пад гарачыя апладысменты ўладаў і большасці грамадзянаў пяць гадоў таму Крым быў далучаны да Расеі. Да сёння гэтую падзею ўхваляюць амаль 90 адсоткаў расейцаў. А вось рэйтынг Уладзіміра Пуціна за гэты час упаў удвая.

Расейцы верылі, што ўслед за замежнаю палітыкаю зменяцца эканоміка і ўлада. Рэальнасць аказалася іншай. Распавядае Марыя Ліпман, цэнтр Карнегі, Масква:

«Абвяшчэнне пенсійнай рэформы і павышэння пенсійнага ўзросту стала тым фактарам, калі людзі пачалі ўсведамляць, што справы ідуць не ў тым кірунку. Яны пачалі адчуваць, што нешта ідзе не так, што паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі не будзе, і гэта паўплывала на настроі людзей».

Заняўшы Крым, Расея атрымала санкцыі Захаду супраць чыноўнікаў, банкаў ды вайсковага комплексу, стагнацыю эканомікі і падзенне курсу рубля. Карупцыі не стала менш, затое больш стала палітычных рэпрэсіяў. А Крым зрабіўся сёмым паводле датацыйнасці рэгіёнам.

«Для Пуціна Крым – гэта ўсяго толькі вайсковая база. Таму пра эканоміку там не можа быць гаворкі. Гаворка вядзецца пра тое, як зменшыць выдаткі на ўтрыманне вайсковай базы», – мяркуе былы міністр курортаў і турызму Крыму Аляксандр Ліеў.

Нягледзячы на шчодрыя ўліванні, узровень жыцця ў Крыме вышэйшы не стаў. Выраслі цэны, падаражэлі камунальныя паслугі, пагоршыліся ўмовы вядзення бізнесу. Моцна пацярпела сельская гаспадарка і турызм – кажуць нашыя суразмоўцы.

«Алушта, Ялта, Судак – яны запаўняюцца турыстамі, але малыя гарады, якія пры Украіне былі поўнасцю запоўненыя, яны цяпер пустыя. […] Калі раней нумар можна было і за 30 долараў здаць, то цяпер прыехалі расейцы, якія плацілі 300 рублёў», – гаворыць Аляксей, працаўнік турбізнесу.

Больш за дваццаць загінулых і зніклых б(я)з вестак грамадскіх актывістаў, амаль сто крымінальных справаў супраць іншадумцаў, некалькі дзясяткаў палітвязняў – крымскіх татараў, сацыяльных актывістаў, людзей з праўкраінскімі поглядамі. Крым стаў тэрыторыяй несвабоды, канстатуюць праваабаронцы.

«Сама прыналежнасць да групы, якую расейскія ўлады залічваюць да экстрэмісцкай, стварае небяспеку, што чалавек у любы час можа быць арыштаваны, патрапіць у месцы пазбаўлення волі, дзе можа быць падвергнуты катаванням», – тлумачыць Ленур Керымаў, Хельсінскі фонд правоў чалавека.

Расейскага пашпарту з крымскаю прапіскай у свеце не прызнаюць. Заходнія і нават расейскія буйныя прыватныя кампаніі на паўвостраў не ідуць – асцерагаюцца санкцыяў. Фэдэрыка Магерыні, вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежнай палітыцы:

«Мы не прызнавалі ды не прызнаем гэтага грубага парушэння міжнароднага заканадаўства. Мы выказваем поўную салідарнасць з Украінаю, падтрымліваем яе суверэннасць і тэрытарыяльную цэласнасць».

З падобнаю заяваю днямі выступіла МЗС Турцыі. Куба, Нікарагуа, Венесуэла, Афганістан, Сірыя ды Паўночная Карэя – гэтыя краіны на больш ці менш афіцыйным узроўні прызналі Крым расейскай тэрыторыяй. Для рэшты свету Крым – гэта па-ранейшаму Украіна.

Аляксандр Папко, belsat.eu