Пяць гадоў без Барадуліна


Паэзія Рыгора Барадуліна – містычная, малітоўная. Ён вызнаваў сябе ўніятам, а ў 2004 годзе нават меў асабістую аўдыенцыю з Папам Рымскім Янам Паўлам II. Да таго ж Дзядзька Рыгор быў сапраўды народным паэтам – ён узвёў у абсалют родную Вушаччыну, дасканала апісаў мову і жывыя традыцыі сваёй малой радзімы. Безумоўна, думкі пра яе ёсць і ў ягоных дзённіках.

Рыгор Барадулін не выпускаў з рук асадку: ён пісаў начамі і на бягу, занатоўваў вершы і самыя дробныя ўражанні ў шматлікіх вандроўках. Дзякуючы гэтым запісам, цяпер мы можам даведацца, якім быў дзядзька Рыгор – абаяльным і жартаўлівым, эмацыйным, а часам і рэзкім у ацэнках, і вельмі цікаўным да жыцця.

Дзясяткі зборнікаў паэзіі, пераклады, эсэ, ліставанні, нататкі, песні. Пра неверагодную працаздольнасць паэта сведчыў ягоны кабінет. Даследчык Сяргей Шапран згадвае, як трапіў туды ўпершыню.

«Рукапісы, машынапісы, кнігі літаральна па пояс! І вяла вузенькая сцежка ад дзвярэй да працоўнага стала, мы не маглі з дзядзькам Рыгорам размінуцца, я станавіўся на крэсла, і тады ён праходзіў – настолькі велізарныя былі ягоныя архівы», – распавёў даследчык Сяргей Шапран.

На пачатку беларускае незалежнасці Рыгор Барадулін падтрымліваў ідэі адраджэння і быў актыўным удзельнікам Партыі БНФ.

«Мяне, напрыклад, уразіла, як паэт такога касмічнага маштабу як Рыгор Барадулін прыходзіць на паседжанне сойму БНФ і проста як стэнаграфістка запісвае ўсё што сказаў Зянон Пазняк, Лявон Баршчэўскі, Пётра Садоўскі, Вінцук Вячорка, Так што БНФ можа ганарыцца, што ў яго быў такі незвычайны стэнограф як Рыгор Барадулін», – кажа пісьменнік Міхась Скобла.

Але ўжо ў другой палове 90-х прыйшло расчараванне, палітыку ён называў бруднай справай, а ў дзённіках таго часу шмат суму і роспачы:

«Як чалавек эмацыйны яму хацелася ўсё і зараз – каб была Беларусь такая, якую ён чакаў, да якой ён імкнуўся, і калі гэта не атрымлівалася, то гэта выклікала буру эмоцый, і ў дзённіку, перад сабою, ён на словы не скупіўся, часам, скажам так, мог і не выбіраць гэтых словаў», – распавяла Наталля Давыдзенка, укладальніца «Дзённікаў і запісаў».

Сум заставаўся толькі на паперы, для блізкіх дзядзька Рыгор быў заўжды ў гуморы, любіў добры жарт і быў майстрам эпіграмы:

«Вось гэтыя свае іскрамётныя экспромты ён усе занатаваў, запісаў. Ведаеце, можна прачытаць пяць тамоў гісторыі беларускай савецкай літаратуры, а можна прачытаць два радочкі Рыгора Барадуліна: «Як сказаў Іван Шамякін: болей пі і меней вякай», – распавёў пісьменнік Міхась Скобла.

«Заўсёды гумар, заўсёды вясёлы голас, ён заўжды збіраў вакол сябе людзей, і бывала так: ён умеў у пэўны момант знікнуць, а людзі яшчэ працягвалі смяяцца і гаманіць», – кажа Наталля Давыдзенка, укладальніца «Дзённікаў і запісаў».

З гумарам Рыгор Барадулін нават раздаваў аўтографы – кнігі ён падпісваў вершаванымі радкамі, якія маглі б скласці асобны том у новым жанры.

Аляксандра Дорская, «Белсат»