Аб'ектыў 12.06.2019 Пякельная спёка: у Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі


Аранжавы ўзровень небяспекі абвесцілі ажно да канца тыдня. Гэтак, у сталіцы ўчора пабіты тэмпературны рэкорд, які трымаўся ажно 82 гады, – слупкі тэрмометраў у Менску падняліся вышэй за 32 градусы.

І як жа менчукі змагаюцца з такою спёкаю?

«Вокны зачыняць у спякотныя часы, хоць і здаецца, што так прасцей, свежае паветра. Але на самой справе гэта не ратуе».

«Лёгка апрануцца, карыстацца асвяжальнымі спрэямі і гуляць па цяньку».

«Я хаджу ў ільне – гэта натуральная вопратка, яна ахалоджвае. І п’ю халодную ваду».

«Проста больш вады спажываць – і ўсё».

«Наведвалі басейн, выдатна дапамагае. Цяпер у мяне адна думка: дабрацца б да басейну».

У такую спёку адмыслоўцы ўвогуле не рэкамендуюць выходзіць на вуліцу з 11-й да 17-й гадзіны. Калі ж вы ўсё-такі вымушаныя быць на адкрытым паветры, то апраніцеся ў светлае, абавязкова майце галаўны ўбор, пастарайцеся пазбягаць адкрытага сонца. І насіце з сабою мінімальны запас вады.

Калі ж вы ўбачылі, што камусь стала кепска, то варта аказаць першую дапамогу. Андрэй Вітушка, лекар-рэаніматолаг, тлумачыць:

«Трэба неадкладна прыбраць з сонца, звесці ў цень. Пажадана ў халаднаватае памяшканне, і прыняць меры да яго ахалоджвання. То бок даць яму папіць халаднаватай вады, абкруціць яго прасцінамі, якія змочаныя ў халаднаватай вадзе. Выклікаць хуткую дапамогу і назіраць за ягоным станам».

Піць вадкасць трэба не толькі самім, але і даваць ваду раслінам. Праўда, не варта паліваць у самую спёку. Гэта лепш рабіць ранкам альбо ўвечары. Таксама трэба выліваць каля вядра вады на квадратны метр зямлі.

Да таго ж, у такое надворʼе не рэкамендуецца ўвогуле касіць газон. А калі і рабіць гэта, то толькі ранкам ці ўвечары. Аркадзь Скуратовіч, старэйшы навуковы працаўнік НАН Беларусі, кажа:

«Вельмі шмат цяпер газонаў у горадзе і за горадам пачынае моцна высыхаць – гэта ад таго, што іхны працоўны час супадае з самым максімальным сонцам. І яны косяць гэтымі трымерамі і мотакосамі. І ў спякотны дзень ідзе вывад вадкасці праз гэтыя адкрытыя раны, і вядома, расліны вельмі моцна цярпяць ад гэтага, а некаторыя нават і гінуць».

Дбаць варта і пра тое, каб спёку добра перанеслі дзеці, хоць ім яна звычайна як раз вельмі падабаецца.

«Дзецям абавязкова апранаць шапку, абавязкова ўжываць крэм ад сонца, даваць шмат вадкасці і імкнуцца, каб дзеці знаходзіліся ў цені, а не на адкрытым сонцы, бо загараць магчыма і ў цені абсалютна нармальна», – гаворыць Андрэй Вітушка, лекар-рэаніматолаг.

Вядома, лепш за ўсё такое надворʼе пераносіцца на пляжы за горадам. Аднак, калі вы ўсё ж вымушаныя працаваць, то прытрымлівайцеся нашых парадаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары