Аб'ектыў 24.06.2019 Пуцін забараніў расейскім авіякампаніям выконваць рэйсы ў Грузію


Лідар партыі ўлады «Грузінская мара» Бідзына Іванішвілі прапанаваў адмовіцца ад змяшанай сістэмы выбараў у парламент ды скасаваць 5-адсоткавы выбарчы бар’ер.

Але пакарання міністра ўнутраных справаў за злоўжыванне сілы і спецсродкаў супраць мірных дэманстрантаў пакуль не будзе. Тым часам Масква працягвае шукаць заходнія прычыны ў сутычках, справакаваных паводзінамі расейскага дэпутата-камуніста.

За антырасейскімі выступамі ў Грузіі стаяць ЗША, іх мэта – пасварыць народы з шматвяковай агульнаю гісторыяй. Такую пазіцыю Масквы афіцыйна агучыў сёння Сяргей Лаўроў. Грузія, на меркаванне кіраўніка расейскага МЗС, «стала прыкладам наступстваў заходняй геапалітычнай інжынерыі».

Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў РФ:

«Заходнія куратары гатовыя закрыць вочы на бясчынства нацыяналістаў, русафобію, абы парваць усе сувязі народаў Грузіі з нашай краінай, перапісаць нашу агульную гісторыю».

Расейская прэса сёння абмяркоўвае, колькі страціць Грузія ад змяншэння плыні расейскіх турыстаў, бо Пуцін забараніў расейскім авіякампаніям выконваць рэйсы ў Грузію. Але турысты ня маюць намераў выкрэсліваць гэтую краіну са спісу ўлюбёных месцаў адпачынку.

«Жахліва несправядліва, цяжэй прыязджаць, але мы з перасадкамі гэта будзем рабіць, і будзем спадзявацца, што вернуць назад», – кажуць Марына і Аляксандр, турысты з Масквы.

Расейскія турысты прыносяць большую частку даходу для турыстычнай галіны Грузіі. Летась расейцы пакінулі ў краіне шэсцьсот трыццаць два мільёны еўраў, у той час як турысты з краінаў Еўразвязу – дзвесце семдзесят дзевяць мільёнаў еўраў. Аднак турыстычныя аператары Грузіі ўпэўненыя, што змогуць знайсці альтэрнатыву, калі расейская турыстычная плынь зменшыцца.

Каха Гагалашвілі, дырэктар турагенцтва «Глобус»:

«На жаль, сённяшні ўрад Расеі выкарыстоўвае эканамічныя адносіны для палітычнага ціску ў Грузіі. Таму мы лічым, што залежнасць эканомікі Грузіі ад Расеі будзе контрпрадуктыўнай. Тое ж самае было ў 2008 годзе, калі пасля вайны Расея забараніла экспарт грузінскага віна і мінеральнай вады. Спачатку гэта негатыўна паўплывала, але потым знайшлі новыя рынкі і новыя кантракты. Я думаю, што тое ж самае адбудзецца ў сферы турызму».

Дарэчы, пра грузінскае віно! Сёння «Расспажыўнагляд» паведаміў аб пагаршэнні якасці грузінскага віна за апошнія гады. А ў Грузіі з 20-га чэрвеня кінатэатры адной з сетак не паказваюць фільмаў на расейскай мове. Ці зацягнецца чарговае супрацьстаянне і як яно паўплывае на эканоміку краіны?

Дзмітрый Аваліяні, палітычны аглядальнік, Тбілісі:

«Цяпер не 2006 год, калі Грузія была моцна залежная ад расейская эканомікі, ад эканамічных сувязяў. Цяпер такіх сувязяў менш, нягледзячы на тое, што колькасць турыстаў вялікая. Але іншых турыстаў таксама шмат».

Пакуль расейскія ўлады кажуць пра інтрыгі Захаду ў расколе стасункаў, унутры Грузіі, падаецца, наспявае паскарэнне палітычных рэформаў.

Бідына Іванішвілі, кіраўнік партыі «Грузінская мара»:

«Палітычны саюз «Грузінская мара – Дэмакратычная Грузія» выступіў ініцыятарам палітычных рэформаў: парламенцкія выбары 2020 года будуць праводзіцца паводле прапарцыянальнай сістэмы і пры нулявым парозе».

Раней новаўвядзенні планавалі толькі да выбараў 2024 года, але ад змяшанай сістэмы адмовяцца ўжо налета. Гэта было адно з галоўных патрабаванняў пратэстаў.

Ігар Віняўскі, Ян Вярбіцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары