Пуцін распавёў свой галоўны прынцып у дачыненнях з Захадам


Пуцін ахарактарызаваў перамовы ў Осацы як «добрую, дзелавую і прагматычную сустрэчу». Фота – Forum / Reuters

Пра вынікі саміту Вялікай дваццаткі – Яраслаў Сцешык.

Двухдзённы саміт Вялікай дваццаткі ў Японіі скончыўся, госці разлятаюцца з Осакі. Галоўнай тэмай сталі эканамічныя свабоды – і ў выніку сустрэчы Доналд Трамп і Сі Цзінь Пін дамовіліся аднавіць гандлёвыя перамовы, а Вашынгтон не будзе ўводзіць новых мытаў на кітайскія тавары. У межах саміту прэзідэнты і прэм’еры абмеркавалі і рост геапалітычнай напружанасці, і ваенныя канфлікты, і не толькі эканамічныя свабоды.

«Прэзідэнт Пуцін працягвае настойваць, што неліберальныя дэмакратыі, неліберальныя рэжымы могуць ствараць уражанне, што яны часам эфектыўнейшыя за ліберальныя дэмакратыі. І зрэдку гэта так – бо калі ў вас няма парламенту, грамадскай думкі ды свабодных медыяў, значна лягчэй манеўраваць. Але хто і што будзе судзіць, як лепш? Для мяне адзіным суддзём мусіць быць народ, і адзінай мэтай – агульнае дабро», – заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон на выніковай прэс-канферэнцыі.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 чэрвеня

Уладзімір Пуцін на саміце трапіў пад крытыку за парушэнне правоў грамадзянаў Расеі, за ўзброеную гібрыдную агрэсію ва Украіне, бамбаванні ў Сірыі і ўжыванне баявога атручвальнага рэчыва ў Вялікай Брытаніі – спробу забіць перабежчыка Сяргея Скрыпаля, ад чаго загінула выпадковая брытанка.

«Учора я сказала прэзідэнту Пуціну, што нармалізацыя двухбаковых стасункаў магчымая толькі тады, калі Расея спыніць безадказную дзейнасць, якая пагражае Вялікай Брытаніі і яе саюзнікам, – такую, як выкарыстанне смертаноснага нервова-паралітычнага рэчыва ў Солсбэры», – падсумавала прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй.

Прэзідэнт Расеі працягваў адмаўляць датычнасць Крамля да адпраўкі ў Брытанію вайскоўцаў-атручвальнікаў з ГРУ, і нават ледзь не пагражаў Лондану ў гэтай справе.

«Нашыя дзеянні адносна партнёраў заўжды будуць люстэркавыя. Як да нас ставяцца, так і мы будзем ставіцца. Хачу, каб усе гэта запомнілі», – заявіў Пуцін у справе атручвання ў Вялікай Брытаніі.

Пасля перамоваў Уладзіміра Пуціна з Доналдам Трампам расейскае дзяржаўнае тэлебачанне атрымала пазітыўны каментар ад лідара ЗША.

«Ён класны хлопец, па-мойму, сустрэча ўдалася. Ён добры чалавек, мы пачалі абмяркоўваць гандаль. Мяркую, паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі мусіць быць гандаль», – пракаментаваў Доналд Трамп працаўніку тэлеканалу «Россия», які пралез да прэзідэнта ЗША насуперак пратаколу.

Але тут Пуцін стаіць у адным шэрагу з іншымі дыктатарамі і парушальнікамі правоў, у тым ліку з саудаўскім прынцам Мухамэдам, якога абвінавачваюць у загадзе арганізаваць забойства журналіста Джамаля Хашогжы. Трамп увайшоў у ролю міратворца, гатовага дамаўляцца з кім-кольвек. Пасля Осакі ён паляцеў у Паўднёвую Карэю, выказаўшы намер сустрэцца з лідарам КНДР Кім Чэн Ынам проста ў Дэмілітарызаванай зоне.

«У мяне выдатныя стасункі з прэзідэнтам Кітаю Сі Цзінь Пінам – ніхто не змог бы правесці такой дамовы, якую мы маем цяпер. Мы атрымаем дзясяткі мільярдаў долараў з Кітаю, шмат чаго зменіцца. Я ладжу з прэзідэнтам Пуціным. Я ладжу з саудаўскім прынцам Мухамэдам», – тлумачыў прэзідэнт ЗША на выніковай прэс-канферэнцыі.

Галоўнаю тэмаю перамоваў Пуціна і Трампа сталі ўкраінскія маракі, са стральбой захопленыя Расеяй у палон пасля спробы праплыць праз Керчанскі праліў. У траўні Міжнародны трыбунал марскога права ў Гаазе прызнаў, што ўкраінцаў незаконна трымаюць у расейскай турме. Гэтаксама лічаць і ў Вашынгтоне.

«Прэзідэнт ЗША зрабіў гэтую тэму [украінскіх маракоў] адной з прыярытэтных у хадзе нашых размоваў на Дваццатцы. Размаўлялі і па іншых тэмах, але гэтая, вядома, уздымалася, – казаў Пуцін. – Мы патлумачылі, што там адбываецца. Так што гаварылі на гэтую тэму. Рашэння пакуль няма».

У якасці перніка Пуціну Доналд Трамп паабяцаў усур’ёз падумаць, ці не прыехаць у Маскву на 9-га траўня.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота анонсу – Forum / Reuters